Папа да прафсаюзаў: будаваць мірныя і справядлівыя супольнасці
Прасоўваць гуманны сацыяльны парадак і будаваць мірныя супольнасці заклікаў Святы Айцец удзельнікаў ХХ Нацыянальнага кангрэса Італьянскай канфедэрацыі прафсаюзаў працоўных (CISL), які 16 ліпеня 2025 года адкрыўся ў Рыме.
Марыя Валодзіна - Vatican News
У пасланні за подпісам Дзяржаўнага сакратара кардынала П’етра Параліна падкрэсліваецца значнасць кангрэса для сацыяльнага развіцця краіны. Папа заклікае прафсаюзы “прасоўваць больш гуманны парадак сацыяльных адносін, а таксама мірныя і справядлівыя супольнасці, накіраваныя на ўсебаковае развіццё чалавека і дабро ўсёй чалавечай сям’і”.
Пантыфік заклікаў удзельнікаў кангрэса "не выпускаць з-пад увагі супольную мэту – спрыяць таму, што святы Аўгустын называў "парадкам спакою" (tranquillitas ordinis). Ён выказаў спадзяванне на тое, што кангрэс CISL стане імпульсам для ўзмацнення сацыяльнага клопату і актыўнай адказнасці ўсіх грамадзян.
17 ліпеня 2025, 10:26