MAP

Папа да лічбавых місіянераў: прасоўваць хрысціянскі гуманізм

Святы Айцец заклікаў моладзь, якая сабралася ў Рыме на Юбілей лічбавых місіянераў і каталіцкіх інфлюэнсераў, выкарыстоўваць сацыяльныя сеткі для прасоўвання чалавечай культуры

Марыя Валодзіна - Vatican News

Моладзь з усяго свету сабралася 29 ліпеня 2025 года ў Саборы святога Пятра на Эўхарыстыю з нагоды Юбілею лічбавых місіянераў і каталіцкіх інфлюэнсераў. Набажэнства ўзначаліў кардынал Луіс Антоніа Тагле, прапрэфект Дыкастэрыі па евангелізацыі. Удзел у юбілейнай Імшы прынялі каля 1400 чалавек. Пасля Імшы ўдзельнікаў прывітаў Святы Айцец.

У сваёй гаміліі кардынал Тагле паразважаў над паняццем “уплыў”. Ён падкрэсліў, што кожны чалавек – інфлюэнсер. Ён аказвае ўплыў на іншых і адначасова падпадае пад уплыў. Паўсядзённае жыццё – гэта перапляценне ўплываў, - сказаў іерарх, дадаючы, што на нас пастаянна ўплываюць нашы сем'і, суседзі, школы, асяроддзе. Больш за тое, наша дзейнасць таксама ўплывае на грамадства і навакольнае асяроддзе, на ўсю планету.

Кардынал Тагле заклікаў да ўважлівага аналізу матываў, якія падсілкоўваюць розныя ўплывы, бо змены, якія мы жадаем бачыць у свеце, наўпрост залежаць ад матываў і намераў, якія стаяць за імі. Ёсць тыя, хто, каб паўплываць на людзей, выкарыстоўвае ілжывую рэкламу, іншыя звяртаюцца да шантажу і подкупу, трэція – да вайны, бамбардзіровак і голаду.

Бог – крыніца ўплыву

Кардынал Тагле адзначыў, што найлепшы прыклад уплыву дае нам Бог, які не даслаў тэкставае паведамленне або электронны ліст, а паслаў нам Свайго Сына. Евангелле заклікае дазволіць Езусу ўплываць на нас сваёй любоўю, каб з яе дапамогай мы маглі дабратворна ўплываць на іншых, - сказаў кардынал Тагле, засцерагаючы ад пранікнення “атрутных уплываў” у чалавечыя сэрцы і грамадства.

Заклік Папы да міру

Напрыканцы Імшы Леў XIV звярнуўся да ўдзельнікаў Юбілею на трох мовах: іспанскай, англійскай і італьянскай. Ён заклікаў да спынення гвалту, падкрэсліўшы, "як моцна мы маем патрэбу ў міры ў наш час, калі чалавецтва раздзіраюць варожасць і войны".

Папа адзначыў, што пошук міру з'яўляецца місіяй як Касцёла, так і кожнага каталіцкага інфлюэнсера. Ён падкрэсліў, што “мір трэба шукаць, абвяшчаць і распаўсюджваць паўсюль”, як у трагічных месцах баявых дзеянняў, так і ў спустошаных сэрцах. Таму сёння, як ніколі раней, лічбавыя місіянеры неабходныя для распаўсюджвання гэтага паслання ва ўсе канцы зямлі.

Хай наша культура застаецца чалавечнай

Папа заклікаў каталіцкіх інфлюэнсераў заўсёды шукаць “пакутуючае Цела Хрыста” ў кожным суразмоўцы, якога яны сустракаюць анлайн. Кожны з нас нясе адказнасць за тое, каб тэхналагічнае грамадства і культура заставаліся чалавечнымі і нішто створанае чалавекам не прыніжала годнасць іншага. Галоўная задача каталіцкіх інфлюэнсераў і лічбавых місіянераў – прасоўваць хрысціянскі гуманізм.

Умацоўваць сяброўскія сувязі

Святы Айцец нагадаў, што на працягу ўсёй гісторыі Касцёл ніколі не заставаўся пасіўным ва ўмовах перамен. Сёння задача заключаецца ў тым, каб “развіваць лад мыслення і мову, якія выказваюць любоў”. Ён заклікаў лічбавых місіянераў не проста ствараць кантэнт, але і спрыяць збліжэнню сэрцаў. “Такім чынам мы зможам стварыць сапраўдную сетку Божую”, - сцвердзіў Пантыфік.

29 ліпеня 2025, 13:56