Папа да каталіцкіх ВНУ: хай мудрасць Хрыста будзе вашым компасам
Марыя Валодзіна - Vatican News
Асамблея, прымеркаваная да стагоддзя з дня заснавання арганізацыі, праходзіць у мексіканскай Гвадалахары пад дэвізам “Каталіцкія ўніверсітэты: харэографы ведаў”. На думку Папы, такая прыгожая назва “выклікае асацыяцыі з гармоніяй, адзінствам, дынамізмам і радасцю”.
Пантыфік адзначыў, што сучасны культурны ландшафт поўны “спеваў сірэн” – ідэй, якія вабяць сваёй навізной, папулярнасцю або ўяўнай пэўнасцю, але могуць аддаляць ад ісціны. Каталіцкія ўніверсітэты ж павінны быць “шляхам розуму да Бога”, як вучыў святы Банавентура.
Цытуючы айцоў Касцёла, у тым ліку святога Аўгустына і апостала Паўла, Папа нагадаў, што душа без Бога губляе святло і моц. Яна цямнее, калі адварочваецца ад крыніцы ісціны, і азараецца, калі набліжаецца да яе. Каталіцкія ўніверсітэты павінны асвятляць чалавечы дух, чэрпаючы святло ў Боскай праўдзе.
Універсітэцкае асяроддзе з яго дыялогам і інтэлектуальным плюралізмам не чужое місіі Касцёла. З першых дзён евангелізацыі хрысціяне разумелі важнасць узаемадзеяння з рознымі светапоглядамі. Святы Павел заклікаў рымлян даследаваць плён іх ранейшага ладу жыцця, падкрэсліваючы, што без Хрыста чалавечая мудрасць у канчатковым рахунку вядзе да смерці. "Хрыстус не чужы рацыянальнаму мысленню, але, хутчэй, краевугольны камень, які надае ўзгодненасць і сэнс усім нашым думкам, надзеям і намаганням палепшыць жыццё і знайсці мэту”, - напісаў Леў XIV.
Спасылаючыся на святога Тамаша Аквінскага, Папа падкрэсліў, што Хрыстус – гэта Мудрасць, даступная і веры, і чалавечаму розуму. І менавіта гэтая Мудрасць, незалежна ад таго, ці разглядаецца яна як натуральная інтэлектуальная здольнасць або як Боскі дар, павінна быць асновай для дыялогу з усімі культурамі і школамі думкі.
Каталіцкія ўніверсітэты не павінны аддаляцца ад Хрыста ці прыніжаць Яго ўнікальную ролю ў імя акадэмічнага дыскурсу. Наадварот, яны павінны паважліва і плённа ўзаемадзейнічаць з усімі інтэлектуальнымі традыцыямі, менавіта зыходзячы са сваёй хрысціянскай ідэнтычнасці, - заахвоціў Святы Айцец.
Напрыканцы паслання Папа пажадаў, каб любоў да Хрыста “паслужыла імпульсам для новай евангелізацыі ў галіне каталіцкай вышэйшай адукацыі".