MAP

Кардынал Рабер Сара Кардынал Рабер Сара 

Папа напісаў да легата на 400-годдзе аб'яўленняў у Брэтані

Леў XIV накіраваў ліст кардыналу Раберу Сара, прызначанаму спецыяльным легатам на ўрачыстасці 400-годдзя аб'яўленняў святой Ганны ў Сэнт-Ан-д'Арэ.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Святая Ганна аб’яўлялася брэтонскаму селяніну Івону Нікалазіку ў 1623-1625 гадах. Яна паказала месца, дзе была закапана яе фігура, і даручыла адбудаваць капліцу, існуючую там тысячу гадоў раней. З таго часу святая Ганна з'яўляецца галоўнай апякункай брэтонцаў, а Базіліка Сэнт-Ан-д'Арэ – найважнейшым санктуарыем у гэтым рэгіёне Францыі.

Бог адкрывае таямніцы найменшым

У лісце на лацінскай мове Папа нагадаў, што Бог адкрывае таямніцы Нябеснага Валадарства асабліва тым, хто з'яўляецца найменшым. Менавіта таму святая Ганна з'явілася простаму селяніну, каб вера мясцовага народа ажыла з новым запалам.

Пішучы пра місію, якую даручыў кардыналу Сара, Леў XIV з прызнаннем аднёсся да яго пабожнасці і апостальскай руплівасці. Ён пацвердзіў, што прызначыў яго сваім спецыяльным пасланнікам на ўрачыстасці, якія адбудуцца ў санктуарыі Сэнт-Ан-д'Арэ 24 і 25 ліпеня 2025 года, каб ад яго імя старшынстваваў у літургіі і накіраваў да верных словы духоўнай падтрымкі.

"Заахвочвай усіх удзельнікаў гэтай падзеі, каб з новай сілай і запалам падтрымлівалі надзею на спаўненне Божых абяцанняў, і каб дзякуючы гэтаму юбілею атрымалі шчодрыя духоўныя дары і ласкі з нябёсаў, якія несумненна будуць для іх вялікай дапамогай у штодзённых высілках", - напісаў Пантыфік.

Санктуарый сямейных каштоўнасцяў

Хоць арыгінальная фігурка святой Ганны знікла падчас французскай рэвалюцыі, пабудаваны па яе ўказанні санктуарый нязменна выконвае сваю асвячальную ролю. Ён з'яўляецца сямейным санктуарыем, паказваючы ўкараненне Езуса ў Яго сям'і.

Да святой Ганны пілігрымуюць асабліва сужэнцы, якія не могуць мець патомства. Пасля нараджэння дзіцяці яны вяртаюцца ў санктуарый і ў якасці падзякі пакідаюць дзіцячую шкарпэтку. Першымі гэтай ласкі зазналі сам Івон Нікалазік і яго жонка Гіемэта, якія дачакаліся чацвярых дзяцей.
 

20 ліпеня 2025, 10:57