MAP

Cкаўцкі злёт “Clameurs!” у Жамбвіле (Францыя) Cкаўцкі злёт “Clameurs!” у Жамбвіле (Францыя)  (AFP or licensors)

Папа да французскіх скаўтаў: быць ініцыятарамі перамен у грамадстве

Стаць творцамі перамен дзеля справядлівага і ўстойлівага свету заклікаў Папа скаўтаў Францыі, якія 24-28 ліпеня 2025 года правялі вялікі скаўцкі злёт “Clameurs!” у Жамбвіле.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Папа падкрэсліў, што чалавецтва павінна звярнуць увагу на "крык стварэння", паколькі такія праблемы, як забруджванне, змена клімату, страта біяразнастайнасці, пагаршэнне ўмоў жыцця і сацыяльная дэградацыя, няроўнасць, недахоп пітной вады і энергіі, набываюць усё большую актуальнасць.

Святы Айцец адзначыў, што скаўты могуць адыграць ключавую ролю ў экалагічным выхаванні. “Вы маладыя, поўныя ідэй і энтузіязму”, - напісаў ён, дадаючы, што скаўты ставяцца да тварэння з павагай, бо яны “прывыклі жыць на прыродзе, ствараць рэчы сваімі рукамі, арыентавацца, праводзіць гульні і чуванні”.

Пантыфік заклікаў скаўтаў узбагачацца такімі каштоўнасцямі, як сустрэча з іншымі, братэрства і мір. Скаўты паходзяць з розных культурных традыцый і сацыяльных слаёў, маюць розны ўзрост і характар, што з'яўляецца вялікім багаццем. Гэтая разнастайнасць дае магчымасць шырэй глядзець на свет і будаваць мір, выкарыстоўваючы "зброю хрысціяніна": веру, праўду, справядлівасць і Евангелле супакою (пар. Эф 6:11-17).

Папа павіншаваў тых, хто прыняў Сакрамэнт Канфірмацыі – гэта знак іх асабістага імкнення жыць у веры і служыць касцёльнай супольнасці. У гэтым Cакрамэнце яны атрымліваюць “паўнату Святога Духа – Боскай прысутнасці, якая вядзе, прасвятляе і суцяшае на шляху веры”. Ад гэтага моманту яны – сведкі Хрыста, пакліканыя несці надзею, змяняць грамадства і любіць бліжняга. Але гэтая місія магчымая толькі дзякуючы малітве і сяброўству з Богам.

“Заклікаю вас рухацца наперад, не губляючы надзеі, без маркоты і песімізму. Ведайце, што кожны з вас унікальны, любімы Панам. Не пераставайце верыць у лепшы свет і сапраўдную цывілізацыю любові. Як казаў Папа Францішак, вы таксама будуеце масты паміж пакаленнямі, культурамі і народамі”, - напісаў Леў XIV.

28 ліпеня 2025, 12:55