Пантыфік: няхай кроў мучанікаў трагедыі ў ДРК стане насеннем міру
Марыя Валодзіна - Vatican News
27 ліпеня 2025 года групоўка “Альянс дэмакратычных сіл” здзейсніла напад на Касцёл благаслаўлёнай Ануарытэ ў вёсцы Каманда, што ў правінцыі Ітуры (ДРК). У храме праходзіла малітоўнае начное чуванне. Злачынцы ўварваліся ў касцёл і адкрылі агонь па верніках. Загінула больш за 40 чалавек, у тым ліку жанчыны і дзеці.
У тэлеграме, падпісанай Дзяржаўным сакратаром кардыналам Паралінам, гаворыцца аб тым, што Папа даведаўся пра напад на парафію з вялікім абурэннем і глыбокім смуткам. Ён далучаецца да жалобы сем’яў і ўсёй хрысціянскай супольнасці, запэўніваючы ў сваёй малітоўнай блізкасці.
“Няхай кроў гэтых мучанікаў стане насеннем міру, паяднання, братэрства і любові для кангалезскага народа”, - напісаў Папа.
“Гэтая трагедыя заклікае нас да яшчэ большых намаганняў дзеля ўсебаковага чалавечага развіцця шматпакутнага народа гэтага рэгіёна”, - гаворыцца ў тэлеграме.