MAP

Наступствы авіякатастрофы ў сталіцы Бангладэш Наступствы авіякатастрофы ў сталіцы Бангладэш  (AFP or licensors)

Пантыфік моліцца за ахвяр авіякатастрофы ў Бангладэш

У выніку катастрофы ваеннага самалёта ў Бангладэш загінуў па меншай меры 31 чалавек. Святы Айцец даверыў душы памерлых міласэрнай любові Усемагутнага.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Папа глыбока засмучаны трагедыяй, якая адбылася 22 ліпеня 2025 года ў сталіцы Бангладэш, дзе ваенны самалёт урэзаўся ў двухпавярховы будынак школы. Па афіцыйнай інфармацыі, у выніку катастрофы загінуў як мінімум 31 чалавек. Яшчэ 171 чалавек, пераважна вучні, атрымалі раненні, многія – апёкі.

Леў XIV накіраваў тэлеграму, у якой выказаў спачуванні ўсім, каго закранула трагедыя. У пасланні, падпісаным Дзяржаўным сакратаром кардыналам П’етра Паралінам, гаворыцца: “Святы Айцец давярае душы памерлых міласэрнай любові Усемагутнага і моліцца, каб сем’і і сябры загінулых атрымалі суцяшэнне ў сваім горы, а параненыя – хуткае аздараўленне і супакой”. Напрыканцы тэлеграмы Папа заклікае Божае благаслаўленне міру і моцы на ўсю школьную супольнасць і ўсіх, хто пацярпеў у выніку катастрофы.

Паведамляецца, што рэактыўны самалёт F-7 BGI, які належаў ваенна-паветраным сілам Бангладэш, праз некалькі хвілін пасля ўзлёту разбіўся на тэрыторыі школы ў раёне Утара ў горадзе Дака. Пілот спрабаваў пазбегнуць густанаселенага раёна, аднак з-за тэхнічнай няспраўнасці не змог прадухіліць аварыю. Самалёт імгненна загарэўся. Пілот загінуў. Улады Бангладэш паведамілі, што для расследавання прычын катастрофы створана спецыяльная камісія. Інцыдэнт стаў найбуйнейшай авіякатастрофай у сталіцы Бангладэш за апошнія дзесяцігоддзі.

22 ліпеня 2025, 16:05