Пантыфік дамініканам: несці Добрую навіну сучаснаму свету
Марыя Валодзіна - Vatican News
Нагодай для паслання стаў Генеральны капітул правінцыйных прыёраў, які праходзіць у Кракаве 17 ліпеня - 8 жніўня 2025 года. Пантыфік назваў сустрэчу дамініканаў “магчымасцю для абнаўлення”, укаранёнай у надзеі і заснаванай на ўсведамленні таго, што Пан паклікаў прапаведнікаў абвяшчаць Добрую навіну сярод унікальных выклікаў сучаснага свету”.
Святы Айцец падкрэсліў, што выбар тэмы пра розныя формы абвяшчэння Евангелля чатыром групам мэтавай аўдыторыі асабліва дарэчны. Гаворка ідзе пра прапаведванне тым, хто яшчэ не сустрэўся з Хрыстом; хрысціянам, якія жывуць сваёй верай; тым, хто адышоў ад Касцёла; і моладзі, духоўна дэзарыентаванай або абыякавай. “Малюся, каб вашы разважанні дазволілі вам уважліва слухаць Святога Духа, які працягвае весці Касцёл ва ўсёй праўдзе” (пар. Ян 16:13), - напісаў Папа.
Леў XIV выказаў спадзяванне, што Генеральны капітул умацуе адданасць дамініканаў служэнню Касцёлу паводле евангельскага стылю жыцця, які абраў святы Дамінік. Ён пажадаў, каб братэрства і малітвы ўмацавалі адзінства і падштурхнулі братоў да яшчэ больш поўнага жыцця згодна з пакліканнем кантэмплятыўных прапаведнікаў. “Верныя харызме і духоўнасці свайго заснавальніка, вы, несумненна, будзеце і надалей ажыццяўляць сваю місію ў сэрцы Касцёла”, - напісаў Папа.