Леў XIV павіншаваў кармелітаў з юбілеем прысутнасці ў Румыніі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Праз апостальскага нунцыя, арцыбіскупа Джампьера Глодэра, Леў XIV накіраваў сваё благаслаўленне кармелітам босым, якія адзначаюць важную дату ў гісторыі сваёй прысутнасці ў Румыніі. Кляштар манахаў знаходзіцца ў Чафлічэні, што размешчаны за 30 кіламетраў на поўнач ад Бухарэста.
"Кляштар і санктуарый у Чафлічэні з'яўляюцца прывілеяваным месцам для Касцёла ў Бухарэсце і Румыніі, дзе перажываюцца моманты сустрэчы, духоўнасці і малітвы, якія дапамагаюць узрастаць у веры і ў хрысціянскім жыцці", - адзначыў Святы Айцец у сваім пасланні. Ён заахвоціў манахаў "даваць сведчанне сваёй духоўнасці і працягваць цэнную паслугу, якую яны выконваюць у Румыніі".
Святкаванне юбілею было адзначана ўрачыстай Імшой, якую ўзначаліў арцыбіскуп Аўрэль Перка, Мітрапаліт Бухарэсцкі.
Гісторыя прысутнасці кармелітаў босых у Румыніі пачалася ў 2000 годзе, калі яны прыбылі з венецыянскай правінцыі ордэна. У 2003 годзе пачалося будаўніцтва кляштара ў Чафлічэні. Кляштарны касцёл у гонар Маці Божай з Гары Кармель быў асвечаны ў 2015 годзе тагачасным арцыбіскупам Бухарэсцкім Іаанам Робу.
Кляштарны комплекс часта прымае разнастайныя дыяцэзіяльныя, нацыянальныя і міжнародныя форумы, што робіць яго важным цэнтрам духоўнага і культурнага жыцця католікаў Румыніі.