MAP

Леў XIV с Серджа Матарэлай Леў XIV с Серджа Матарэлай  (ANSA)

Святы Айцец накіраваў пасланне прэзідэнту Італіі

Леў XIV накіраваў цёплае віншаванне прэзідэнту Італьянскай Рэспублікі Серджа Матарэле з нагоды яго дня нараджэння, падзякаваўшы за служэнне справе міру.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

"Хачу выказаць Вам, спадар Прэзідэнт, мае самыя шчырыя віншаванні, а таксама запэўніць у сваёй малітве за Вас асабіста і за тую высакародную справу, якую Вы з такой самаадданасцю выконваеце дзеля адзінства дарагога італьянскага народа", - напісаў Святы Айцец у сваім пасланні.

Папа адзначыў, што раздзяляе радасць гэтай святочнай нагоды з усімі, хто блізкі Прэзідэнту і суправаджае яго з любоўю і ўдзячнасцю за яго "ўзорнае і няспыннае служэнне справе міру і згоды паміж народамі".

Завяршаючы сваё пасланне, Леў XIV даручыў Серджа Матарэлу мацярынскаму заступніцтву Дзевы Марыі і святых апекуноў Італіі, а таксама ўдзяліў апостальскае благаслаўленне, якое "з радасцю распаўсюджвае на сям'ю, супрацоўнікаў і ўсю краіну".

Гэтае віншаванне працягвае традыцыю цёплых і паважлівых адносін паміж Святым Пасадам і Італьянскай Рэспублікай, якая мае глыбокія гістарычныя карані і падмацоўваецца Латэранскімі пагадненнямі і наступнымі дыпламатычнымі дамовамі.

Серджа Матарэла, які займае пасаду прэзідэнта Італіі з 2015 года, неаднаразова сустракаўся з Львом XIV і яго папярэднікамі, дэманструючы канструктыўны дыялог паміж дзяржавай і Касцёлам у пытаннях, якія тычацца агульнага дабра.
 

24 ліпеня 2025, 12:59