MAP

Падчас папскай аўдыенцыі для іерархаў Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы Падчас папскай аўдыенцыі для іерархаў Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы   (@VATICAN MEDIA)

Леў XIV сустрэўся з украінскімі грэка-каталіцкімі епіскапамі

Падчас сустрэчы з іерархамі Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы Леў XIV заклікаў не губляць надзеі нягледзячы на выпрабаванні вайны і падзякаваў за сведчанне веры.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

"У імя Айца, і Сына, і Духа Святога. Мір вам!" - гэтымі словамі Папа распачаў сваё прывітанне да членаў Сінода 2 ліпеня 2025 года.

“Надзея не расчароўвае, бо заснавана на любові Бога ў Хрысце Езусе”

Святы Айцец адзначыў, што гэтая важная для ўкраінскіх іерархаў сустрэча адбываецца ў кантэксце Юбілейнага года, які заклікае ўвесь Божы народ аднавіцца ў надзеі. "Як любіў паўтараць Папа Францішак, надзея не расчароўвае, бо заснавана на любові Бога ў Хрысце Езусе, нашым Пану", - нагадаў Леў XIV.

"Вядома, у сучасным гістарычным кантэксце нялёгка гаварыць пра надзею вам і людзям, давераным вашай пастырскай апецы. Нялёгка знайсці словы суцяшэння для сем'яў, якія страцілі сваіх блізкіх у гэтай бессэнсоўнай вайне", - працягваў Папа.

Ён прызнаўся, што разумее, наколькі складана гэта і для саміх іерархаў, якія штодзённа маюць кантакт з людзьмі, параненымі ў сэрцы і ў целе. "Нягледзячы на гэта, я атрымліваю шмат сведчанняў веры і надзеі ад мужчын і жанчын вашага народа. Гэта знак сілы Бога, якая праяўляецца сярод руін разбурэння", - падкрэсліў ён.

Папа з архіепіскапам Святаславам Шаўчуком
Папа з архіепіскапам Святаславам Шаўчуком   (@Vatican Media)

“Наша еднасць – гэта вялікая таямніца”

Папа адзначыў, што ўсведамляе шматлікія патрэбы, з якімі сутыкаюцца ўкраінскія пастыры як у царкоўнай, так і ў гуманітарнай сферах. "Вы пакліканы служыць Хрысту ў кожным параненым і спакутаваным чалавеку, які звяртаецца да вашых супольнасцей, просячы канкрэтнай дапамогі", - сказаў ён.

"Я блізкі вам, і праз вас я блізкі ўсім вернікам вашай Царквы. Застаёмся адзінымі ў адзінай веры і адзінай надзеі. Наша еднасць – гэта вялікая таямніца: гэта рэальная еднасць таксама з усімі братамі і сёстрамі, чыё жыццё было вырвана з гэтай зямлі, але прынята ў Богу. У Ім усё жыве і знаходзіць паўнату сэнсу", - дадаў Пантыфік.

Агульнае фота Папы з Сінодам Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы
Агульнае фота Папы з Сінодам Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы   (@Vatican Media)

“Малюся, каб мір мог як мага хутчэй вярнуцца на вашу Радзіму”

Напрыканцы Леў XIV нагадаў пра суцяшэнне, якое дае ўпэўненасць у тым, што Святая Багародзіца заўсёды з намі, дапамагае нам, вядзе нас да свайго Сына, Які з'яўляецца нашым мірам. "Праз яе мацярынскае заступніцтва малюся, каб мір мог як мага хутчэй вярнуцца на вашу Радзіму", - заключыў ён.

Пасля афіцыйнага выступлення Папа спантанна папрасіў прысутных іерархаў заспяваць малітву "Ойча наш" па-ўкраінску, узгадаўшы, як яму спадабаўся гэты спеў падчас папярэдняй сустрэчы. Іерархі з радасцю выканалі просьбу Пантыфіка, пасля чаго атрымалі папскае благаслаўленне.
 

02 ліпеня 2025, 11:05