MAP

Леў XIV падчас сустрэчы з дзецьмі летняга лагера ў Ватыкане і з Украіны Леў XIV падчас сустрэчы з дзецьмі летняга лагера ў Ватыкане і з Украіны  (@Vatican Media)

Папа сустрэўся з дзецьмі з ватыканскага летняга лагера і Украіны

Леў XIV сустрэўся з 310 дзецьмі з летняга лагера "Estate Ragazzi in Vaticano" і 300 дзецьмі з Украіны, размаўляў з імі пра сваё дзяцінства, важнасць сяброўства і неабходнасць пабудовы міру.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

3 ліпеня 2025 года каля 12.00, пасля завяршэння аўдыенцый, Папа наведаў у Зале Паўла VI дзяцей, якія ходзяць у летні лагер "Estate Ragazzi in Vaticano". Да іх крыху пазней далучыліся падлеткі з Украіны, прынятыя на лета італьянскай “Caritas”.

Сустрэча з Езусам – гэта сустрэча з найлепшым сябрам

Вітаны аніматарамі летняга лагера, Папа вёў дыялог з дзецьмі і адказваў на некаторыя пытанні. Леў XIV расказаў пра сваё дзяцінства, удзел у Імшы, дзе ён сустракаў іншых дзяцей, сяброў, але перш за ўсё месца, дзе ён сустракаў "найлепшага сябра, Езуса".

Ён гаварыў пра разнастайнасць і прыняцце, звяртаючыся ў першую чаргу з некалькімі словамі прывітання па-англійску да ўкраінскіх дзяцей, і дадаючы, што "важна паважаць адзін аднаго, не спыняцца на адрозненнях, але будаваць масты, сяброўства".

Агульнае фота з Папам
Агульнае фота з Папам   (@Vatican Media)

Важна вучыцца паважаць адзін аднаго з маленства

Адказваючы на пытанне пра вайну, ён патлумачыў, як нават з маленства неабходна вучыцца быць будаўнікамі міру і сяброўства, не ўступаць у вайну і бітву, ніколі не распальваць нянавісць і зайздрасць: "Езус заклікае нас усіх быць сябрамі", бо важна "вучыцца з маленства мець узаемную павагу, бачыць у іншым такога, як я".

Дзеці прынеслі Папу падарункі: некаторыя прадметы, зробленыя імі падчас летняга лагера, сувеніры, малюнкі і працы ад украінскіх падлеткаў. У канцы, пасля сумесных фотаздымкаў, Леў XIV запрасіў усіх памаліцца разам "Вітай, Марыя" і благаславіў прысутных.
 

03 ліпеня 2025, 13:48