Папа заклікае перарваць спіраль абыякавасці да пакут бліжняга
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
"Калі ў глыбіні нашага жыцця мы адкрыем, што Хрыстус, як Міласэрны Самаранін, любіць нас і клапоціцца пра нас, то і мы будзем натхнёныя любіць такім жа чынам і станем поўнымі спагады, як Ён", - гэтымі словамі Леў XIV звярнуўся да вернікаў падчас Імшы, якую ён цэлебраваў 13 ліпеня 2025 года ў парафіі святога Тамаша з Вілановы ў Кастэль Гандольфа.
Святы Айцец пракаментаваў прыпавесць з Евангелля святога Лукі (10, 25-37), якая прагучала падчас Літургіі слова. Ён падкрэсліў, што цэнтральным элементам тут з'яўляецца спагада, якая пачынаецца з погляду.
Трэба глядзець на нашых бліжніх з глыбейшай эмпатыяй
"Міласэрны Самаранін – гэта перш за ўсё вобраз Езуса, якога Айцец паслаў у гісторыю менавіта таму, што Ён паглядзеў на чалавецтва, не праходзячы абыякава, вачыма, сэрцам і нутром, поўнымі хвалявання і спагады", - сказаў Папа.
Леў XIV адзначыў, што падобна чалавеку з Евангелля, які сыходзіў з Ерузалема ў Ерыхон, чалавецтва спускалася ў бездань смерці і дасюль часта змагаецца з цемрай зла, пакутамі, беднасцю і абсурднасцю смерці.
Бог паглядзеў на нас са спагадай і сам захацеў прайсці наш шлях
"Бог паглядзеў на нас са спагадай, сам захацеў прайсці наш шлях, сышоў паміж намі і ў Езусе, Добрым Самараніне, прыйшоў вылечыць нашыя раны, выліваючы на нас алей сваёй любові і сваёй міласэрнасці", - сказаў Пантыфік.
Святы Айцец звярнуў увагу на тое, што Хрыстус ёсць аб'яўленнем міласэрнага Бога. "Уздароўленыя і палюбленыя Хрыстом, давайце і мы станем знакамі Яго любові і спагады ў свеце", - заклікаў Леў XIV, заахвочваючы да "рэвалюцыі любові".
Папа дадаў, што сёння шмат людзей дасягае дна, многія народы абрабаваныя і разрабаваныя, не бракуе ахвяр прыгнятальных палітычных сістэм, эканомікі, якая асуджае іх на галечу, вайны, якая забівае іх мары і жыццё.
"Заўважыць іншага, не праходзячы абыякава, спыніць нашу штодзённую мітусню і дазволіць, каб жыццё бліжняга, кім бы ён ні быў, з усімі яго патрэбамі і пакутамі, глыбока закранула наша сэрца”, - заахвоціў Леў XIV на заканчэнне сваёй гаміліі. Паводле яго, гэта робіць нас бліжнімі адно для аднаго і нараджае сапраўднае братэрства.