Папа размаўляў з палесцінскім лідарам Абасам
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
21 ліпеня 2025 года раніцай Леў XIV правёў тэлефонную размову з прэзідэнтам Дзяржавы Палесціна Махмудам Абасам, падчас якой былі абмеркаваны апошнія падзеі канфлікту ў Сектары Газа і гвалтоўныя дзеянні на Заходнім беразе ракі Іардан.
Падчас размовы Святы Айцец паўтарыў свой заклік да поўнага выканання нормаў міжнароднага гуманітарнага права. Як паведамляе Зала Друку Святога Пасада, Папа асабліва падкрэсліў абавязак абараняць цывільнае насельніцтва і месцы культу, а таксама забарону на неабмежаванае выкарыстанне сілы і прымусовае перасяленне.
Леў XIV звярнуў увагу на драматычную гуманітарную сітуацыю ў рэгіёне. Паводле паведамлення Залы Друку Святога Пасада, падчас размовы была падкрэслена неадкладная неабходнасць аказання дапамогі тым, хто найбольш пакутуе ад наступстваў канфлікту, а таксама важнасць забеспячэння належнага доступу да гуманітарнай дапамогі.
У канцы размовы Святы Айцец нагадаў пра важную падзею – дзясятую гадавіну Глабальнага пагаднення паміж Святым Пасадам і Дзяржавай Палесціна, якое было падпісана 26 чэрвеня 2015 года і ўступіла ў сілу 2 студзеня 2016 года.
Гэтае пагадненне стала пацвярджэннем імкнення Святога Пасада да ўмацавання міру і справядлівасці ў рэгіёне.