MAP

Разбурэнні, якія спрычыніў тайфун “Данас” на Тайвані Разбурэнні, якія спрычыніў тайфун “Данас” на Тайвані  (AFP or licensors)

Папа накіраваў дапамогу пацярпелым ад тайфуна на Тайвані

Леў XIV моліцца за ахвяры і пацярпелых ад тайфуна на Тайвані і даручыў Дыкастэрыі па міласэрным служэнні выдзеліць ім канкрэтную дапамогу.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Святы Айцец быў праінфармаваны пра ахвяры і разбурэнні, якія спрычыніў тайфун “Данас”, што ў апошнія дні з вялікай сілай абрынуўся на астраўныя тэрыторыі.

"Папа моліцца за ўсіх, хто пацярпеў і папрасіў Дыкастэрыю па міласэрным служэнні перадаць канкрэтную дапамогу насельніцтву", - паведаміў журналістам кіраўнік Залы Друку Матэа Бруні.

Трапічны цыклон, які абрынуўся на тайваньскае ўзбярэжжа, пакінуў пасля сябе след разбурэнняў. На дадзены момант пацверджана смерць дзвюх асоб, а колькасць параненых перавысіла 500 чалавек.

Многія з пацярпелых былі параненыя абломкамі, пацярпелі ў выніку абвальвання канструкцый або сталі ўдзельнікамі дарожна-транспартных здарэнняў, выкліканых праходжаннем цыклона.

Паводле папярэдніх даных, больш за 3 тысячы чалавек былі эвакуіраваныя з небяспечных зон. Мясцовыя ўлады працягваюць ацэньваць маштабы разбурэнняў і арганізоўваць дапамогу пацярпелым.
 

17 ліпеня 2025, 10:42