Леў XIV: культура без праўды становіцца прыладай у руках моцных
Марыя Валодзіна - Vatican News
5 ліпеня 2025 года Пантыфік прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане сясцёр-аўгустыніянак з супольнасці Служак Езуса і Марыі з нагоды завяршэння іх правінцыйнага капітула. Ён выказаў спадзяванне на тое, што тыднёвая сустрэча дазволіла манахіням аднавіць сваю вернасць харызме іх заснавальніцы, благаслаўлёнай сястры Марыі Тэрэзы Спінэлі. Працэс яе кананізацыі працягваецца, а разам з ім працягваецца і шлях да святасці яе паслядоўніц, - нагадаў Пантыфік. Ён заклікаў госцей заўсёды нанова адкрываць для сябе сэнс імёнаў, якія яны носяць: прысвячаць сваё жыццё Пану і ўмацоўвацца ў шчырай адданасці Марыі.
Святы Айцец заклікаў манахінь быць цярплівымі ў выпрабаваннях, адважнымі ў выхаваўчай місіі і стойкімі ў наследаванні Хрыста, Які ёсць "дарога, і праўда, і жыццё" (Ян 14:6) і павінен быць крытэрыем кожнай культурнай ініцыятывы. “Мы ведаем, што культура без праўды становіцца прыладай у руках моцных гэтага свету: замест таго каб вызваляць сумленні, яна блытае і адцягвае ўвагу ў адпаведнасці з інтарэсамі рынку, моды ці імкнення да зямнога поспеху”, - нагадаў Леў XIV.
Пантыфік параіў манахіням ізноў звярнуцца да твора “De Magistro” (“Настаўнік”) святога Аўгустына і паразважаць над ім у бліжэйшы час, каб умацаваць плён капітула. У гэтым творы падкрэсліваецца, што знешняе навучанне заўсёды павінна весці да сустрэчы з унутраным Настаўнікам – Езусам (гл. I, 11), - сказаў Святы Айцец, удзяляючы супольнасці сваё апостальскае благаслаўленне.