MAP

Леў XIV да маладых перуанцаў: нясіце ўсюды Добрую Навіну

Хай Юбілей стане не проста прыгожым успамінам на фотаздымках, а стымулам несці дамоў Добрую Навіну пра Хрыста, - пажадаў Папа перуанскім удзельнікам Юбілею моладзі, якіх 28 ліпеня 2025 года прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Пантыфік назваў перуанскую моладзь “пілігрымамі надзеі”, гатовымі сустрэцца з тысячамі іншых юнакоў і дзяўчат, каб разам адсвяткаваць Святы год. Ён нагадаў гасцям пра іх сем’і і парафіяльныя супольнасці, якія "коштам велізарных ахвяр і цяжкай працы” дапамаглі ім здзейсніць гэта доўгачаканае падарожжа.

Разважаючы над евангельскай прыпавесцю пра гарчычнае зерне, Святы Айцец адзначыў, што "мы таксама малыя, але не самотныя". "Пан пажадаў, каб мы сталі часткай вялікай касцёльнай сям’і. Далучаныя да яго ў Хрысце, падобна гронкам на вінаграднай лазе, мы можам расці і прыносіць плён", - сказаў Папа.

Святы Айцец заклікаў маладых людзей не захоўваць гэты вопыт толькі як успамін пра мінулае. "Калі ласка, хай усё гэта не застанецца проста ўспамінам на прыгожых фотаздымках. Нясіце Хрыста туды, куды вернецеся. Няхай кожны, каго вы сустрэнеце, убачыць у вас аблічча Хрыста, які любіць і аддае сябе, і які застаецца ў кожным ахрышчаным", - заклікаў Пантыфік.

“Любіце і служыце бескарысна ў штодзённым жыцці, нават у малым і нябачным, бо самі спазналі радасць быць любімымі і атрымалі ўсё як дар ад Бога”, - заклікаў Леў XIV.

Папа звярнуў увагу на заплечнікі юнакоў і дзяўчат, назваўшы іх “знакамі місіі”, якую ён даручыў ім: быць місіянерамі паўсюль, куды б яны ні пайшлі, быць адкрытымі на прысутнасць Пана, як “умілаваныя перуанскія святыя”.
 

28 ліпеня 2025, 15:02