Леў XIV да экуменічнай дэлегацыі: ісці шляхам адзінства і братэрства
Марыя Валодзіна - Vatican News
17 ліпеня 2025 года Леў XIV прыняў на аўдыенцыі ў Кастэль-Гандольфа ўдзельнікаў праваслаўна-каталіцкай экуменічнай пілігрымкі з ЗША. Яе ўзначалілі кардынал Джозэф Тобін і мітрапаліт Эльпідафор.
У сваім звароце Пантыфік адзначыў, што вяртанне да вытокаў веры – мясцін, якія захоўваюць памяць пра апосталаў Пятра і Паўла ў Рыме, і апостала Андрэя ў Канстанцінопалі – гэта спосаб “канкрэтна і па-новаму адчуць веру, якая прыходзіць ад слухання Евангелля, перададзенага нам апосталамі” (пар. Рым 10:16).
Святы Айцец назваў знамянальным той факт, што пілігрымка адбываецца ў 1700-ю гадавіну Нікейскага Сабора. Прыняты айцамі Сабора Сімвал веры, разам з дапаўненнямі, унесенымі на Канстанцінопальскім саборы 381 года, застаецца агульным здабыткам усіх хрысціян. Для многіх вернікаў Сімвал веры з’яўляецца неад’емнай часткай літургіі.
Пантыфік нагадаў аб тым, што па шчасліваму збегу абставін сёлета календары абедзвюх Цэркваў супалі, што дазволіла адначасова праспяваць велікоднае "Алілуя": "Хрыстус уваскрос! Сапраўды ўваскрос!" Гэтыя словы абвяшчаюць аб тым, што цемра граху і смерці была пераможана Хрыстом. “Гэта ўсяляе ў нас вялікую надзею, бо мы ведаем, што ніводзін крык нявінных ахвяр гвалту, ніводзін плач маці, якая аплаквае сваё дзіця, не застанецца непачутым. Наша надзея – на Бога, але, паколькі мы пастаянна чэрпаем з невычэрпнай крыніцы Яго ласкі, мы пакліканыя быць сведкамі і носьбітамі гэтай надзеі”, - сказаў Папа.
Леў XIV пажадаў, каб у Юбілейны год, які праходзіць пад дэвізам "Пілігрымы надзеі", пілігрымка ўмацавала ўсіх яе ўдзельнікаў у надзеі, якая нараджаецца з веры ў Уваскрослага Пана.
Пантыфік папрасіў гасцей падчас наведвання Канстанцінопаля перадаць прывітанне і пажаданне любові і міру Патрыярху Барталамею. “Спадзяюся зноў сустрэцца з вамі праз некалькі месяцаў падчас экуменічнага святкавання гадавіны Нікейскага Сабора”, - дадаў ён.
Святы Айцец падкрэсліў, што праваслаўна-каталіцкая пілігрымка з’яўляецца адным з багатых плёнаў экуменічнага руху, які імкнецца аднавіць поўнае адзінства сярод усіх вучняў Хрыста, "каб усе былі адно" (Ян 17:21). “Часам мы ўспрымаем як належнае гэтыя прыкметы ўдзелу і братэрства, якія, хоць яшчэ і не азначаюць поўнага адзінства, ужо сведчаць пра тэалагічны прагрэс і дыялог любові, характэрныя для апошніх дзесяцігоддзяў”, - сказаў ён.
Леў XIV нагадаў аб Сумеснай дэкларацыі, падпісанай 7 снежня 1965 года Паўлам VI і Патрыярхам Афінагорам, якая скасавала адлучэнні, вынесеныя пасля падзей 1054 года. Да таго часу такія сумесныя пілігрымкі наўрад ці былі б магчымым. Але дзейнасць Святога Духа “абудзіла ў сэрцах гатоўнасць распачаць гэтыя крокі як прарочы знак поўнага і бачнага адзінства”, - зазначыў ён.
На думку Папы, адзінства сярод тых, хто верыць у Хрыста, – гэта прыкмета Божага дару суцяшэння. Пісанне абяцае: "у Ерузалеме вы знойдзеце суцяшэнне" (Іс 66:13). Рым, Канстанцінопаль і ўсе іншыя пасады пакліканыя не супернічаць за першынство, каб не быць падобнымі да вучняў, якія спрачаліся, хто з іх большы (пар. Мк 9:33-37).
Леў XIV нагадаў пра яшчэ адно фундаментальнае свята для ўсіх хрысціян: у 2033 годзе будзе адзначацца двухтысячагоддзе Збаўлення, здзейсненага мукай, смерцю і Уваскрасеннем Хрыста. “Духоўна нам усім неабходна вярнуцца ў Ерузалем – горад супакою, дзе Пётр, Андрэй і ўсе апосталы пасля Мукі і Уваскрасення Пана атрымалі Святога Духа на Пяцідзесятніцу і адтуль панеслі сведчанне пра Хрыста да краёў зямлі”, - заахвоціў Папа, пажадаўшы амерыканскім пілігрымам адчуць дар Божага суцяшэння і стаць здольнымі, як Міласэрны Самаранін, ліць алей суцяшэння і віно радасці на раны сучаснага чалавецтва.