MAP

 Кардынал Лазарус Ю Хён-сік Кардынал Лазарус Ю Хён-сік 

Кардынал Ю пра СДМ-2027 і верагодны візіт Папы

Прэфект Дыкастэрыі па справах духавенства, кардынал Лазарус Ю Хён-сік, падкрэсліў важнасць дыялогу для паяднання ў Карэі і падзяліўся думкамі пра будучыя Сусветныя дні моладзі ў Сеуле.

Vatican News

"Калі кіраўнікі будуць больш уважліва слухаць голас народа, будаваць масты праз дыялог і клапаціцца пра найслабейшых, яны змогуць аздаравіць падзеленае грамадства", - адзначыў іерарх у гутарцы з журналістамі ў сваёй Радзіме, дзе ён знаходзіцца на адпачынку.

Кардынал таксама сустрэўся з прэзідэнтам Лі Джэ Мёнам і перадаў яму вуснае запрашэнне ў Рым ад Льва XIV. Палітык выказаў жаданне сустрэцца з Папам яшчэ да СДМ-2027.

Гаворачы пра будучыя Сусветныя дні моладзі ў Сеуле, кардынал падкрэсліў: "Карэйскі Касцёл абапіраецца на веру мучанікаў, таму СДМ будуць выдатнай нагодай паказаць дух мучаніцтва маладым з усяго свету".

У Лі Джэ Мёна ёсць надзея на тое, што Пантыфік, накіроўваючыся на глабальны форум каталіцкай моладзі, зможа таксама наведаць Пхеньян, што садзейнічала б пацяпленню адносін і дапамагло ў дасягненні міру на Карэйскім паўвостраве.

Падчас сустрэчы з журналістамі прэфект Дыкастэрыі па справах духавенства сказаў, што абмяркоўваў з Львом XIV тэму міру. "Папа можа ўнесці значны ўклад не толькі ў адносіны паміж абедзвюма Карэямі, але і паміж Паўночнай Карэяй і ЗША, і ў цэлым у мір на паўвостраве", - лічыць кардынал Ю Хын-сік.
 

10 ліпеня 2025, 09:40