MAP

Біскуп Эдуард Кава Біскуп Эдуард Кава   (Mariusz Krawiec SSP)

Рашэнне Папы: біскуп Кава ўзначаліў Камянец-Падольскую дыяцэзію

Святы Айцец прызначыў Біскупам Камянец-Падольскім ва Украіне Эдуарда Каву, францішканіна-канвентуала, які дагэтуль быў дапаможным біскупам Львоўскай архідыяцэзіі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Біскуп Эдуард Кава, чыё імя дагэтуль было звязана са Львовам, цяпер будзе служыць вернікам Камянец-Падольскай дыяцэзіі. Нарадзіўся ён у Львоўскай вобласці, у невялікім горадзе Мастыска, які знаходзіцца побач з польскай мяжой.

Свой духоўны шлях біскуп Кава пачаў у Ордэне Братоў Меншых Канвентуальных, атрымаўшы фармацыю ў Кракаве, а затым вывучаючы філасофію і тэалогію ў Санкт-Пецярбургу. Пасля прэзбітэрскага пасвячэння ён вярнуўся ва Украіну, дзе служыў у розных гарадах – ад сталічнага рэгіёна да заходніх абласцей краіны.

Апошнія гады перад біскупскім пасвячэннем ён узначальваў кляштар святога Антонія ў Львове і адначасова быў дэлегатам свайго ордэна для ўсёй Украіны. У 2017 годзе Папа Францішак прызначыў яго дапаможным біскупам Львоўскай архідыяцэзіі, дзе ён служыў да цяперашняга часу.

Цікава, што з 2024 года біскуп Кава з'яўляецца генеральным сакратаром Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Украіны, што сведчыць пра давер да яго з боку ўкраінскага епіскапату.

Цяпер яму даверана старажытная Камянец-Падольская дыяцэзія, гісторыя якой налічвае некалькі стагоддзяў. Гэта дыяцэзія ахоплівае тэрыторыю Хмяльніцкай вобласці і з'яўляецца адной з сямі каталіцкіх дыяцэзій лацінскага абраду ва Украіне.
 

01 ліпеня 2025, 12:08