MAP

Барталамей І з Львом XIV у Ватыкане. Ілюстрацыйнае фота Барталамей І з Львом XIV у Ватыкане. Ілюстрацыйнае фота  (@Vatican Media)

Экуменічныя повязі: пасланне Барталамея І Льву XIV

Патрыярх Барталамей І накіраваў Льву XIV афіцыйнае пасланне з нагоды ўрачыстасці святых апосталаў Пятра і Паўла, падкрэсліваючы важнасць супольнага шляху да хрысціянскага адзінства.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Патрыярх Канстантынопальскі выказвае "сардэчную радасць" у сваім пасланні да Папы з нагоды яго першага года пантыфікату і патранальнага свята Рымскага Касцёла – урачыстасці святых апосталаў Пятра і Паўла. Пасланне было перададзена праз патрыяршую дэлегацыю на чале з мітрапалітам Эмануэлем Халкідонскім.

Супольны шлях да адзінства

"Шмат было дасягнута, пакуль мы пакорна крочым разам па шляху дыялогу да паўнаты адзінства", - падкрэслівае Патрыярх у сваім пасланні.

Барталамей І згадвае свайго "брата ў Хрысце", нядаўна спачылага Папу Францішка, з якім яго звязвалі цесныя стасункі, і выказвае надзею на новае служэнне Папы Льва XIV. Патрыярх адзначае, што ўзаемны абмен віншаваннямі з нагоды патранальных свят з'яўляецца знакам дыялогу любові, праўды і міру.

Дэвіз, які натхняе на адзінства

Барталамей звяртае ўвагу на дэвіз Льва XIV, узяты ў святога Аўгустына: "In uno unum", і разглядае яго як каштоўны знак імкнення Святога Айца да хрысціянскага адзінства на падставе глыбока патрыстычнага бачання эклезіялогіі.

"Гэтае бачанне ажыўляе афіцыйны дыялог паміж нашымі Цэрквамі і працягвае прыносіць шмат плёну", - адзначае Патрыярх, спасылаючыся на працу Сумеснай міжнароднай камісіі па тэалагічным дыялогу, якая ў 2023 годзе выпусціла ў Александрыі сумесную заяву пад назвай "Сінадальнасць і прымат у другім тысячагоддзі і сёння".

Любоў як шлях да адзінства

"Сапраўдны прагрэс у адзінстве, якога мы прагнем, прыйдзе толькі праз нашу любоў і пераймальнасць гэтых высокіх святых Божых", - цытуе Барталамей святога Аўгустына.

Патрыярх цытуе ў сваім пасланні 295-ю гамілію святога Аўгустына, у якой гаворыцца: "Адзін дзень для пакуты двух апосталаў. Але і гэтыя двое былі як адно". Барталамей тлумачыць, што гэта выразна паказвае на гарманічнае спалучэнне прымату (асаблівага становішча аднаго) і сінадальнасці (супольнага ўдзелу многіх) у Касцёле – дзве рэчаіснасці, якія дапаўняюць адна адну ў касцельным жыцці.

Заклік да супольнага сведчання веры

У сваім пасланні, падпісаным 29 чэрвеня 2025 года, ганаровы кіраўнік сусветнага праваслаўя таксама нагадвае пра 1700-годдзе Першага Усяленскага Сабора ў Нікеі (325 год), называючы гэты час прыдатным для сумеснага абароны "веры, аднойчы перададзенай святым".

"У гэты трагічны час 'войнаў і чутак пра войны', экалагічнага крызісу, рэлігійнай блытаніны і пашыранай трывогі, мы горача молімся, каб у нашым супольным імкненні абвяшчаць збаўчую веру Нікеі, якая ёсць не што іншае, як хрысціянская вера, служэнне Вашай Святасці заўсёды натхнялася і рухалася тым самым Духам, які рухаў Вашага нябеснага заступніка", - піша Патрыярх Барталамей, спадзеючыся, што калісьці зноў радасна загучыць старажытны вокліч: "Пётр прамаўляе праз Льва".
 

01 ліпеня 2025, 14:32