Анёл Панскі: называючы Бога Айцом, мы павінны жыць па-братэрску
Марыя Валодзіна - Vatican News
Сёння Евангелле прапануе ўрывак, у якім Езус вучыць апосталаў малітве "Ойча наш" (Лк 11:1-13), якая яднае ўсіх хрысціян. Пан заклікае нас называць Бога "Abba", "тата", як клічуць дзеці, з прастатой, даверам і ўпэўненасцю, што іх любяць (Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, 2778), - сказаў Пантыфік.
Катэхізіс адзначае, што праз гэтую малітву мы адначасова пазнаём сябе і Айца. Чым больш мы з упэўненасцю молімся Нябеснаму Айцу, тым глыбей адчуваем сябе Яго любімымі дзецьмі і тым больш пазнаём веліч Яго любові (пар. Рым 8:14-17), - заўважыў Папа.
Евангелле апісвае рысы бацькоўства Бога некалькімі вобразамі: чалавека, які ўстае пасярод ночы, каб дапамагчы сябру вітаць нечаканага госця; або бацькі, які клапоціцца аб дзіцяці. Гэтыя вобразы нагадваюць нам, што Бог ніколі не адварочваецца ад нас, нават калі мы грукаем у Яго дзверы позна, пасля памылак, страчаных магчымасцей, няўдач, нават калі, каб прыняць нас, Ён павінен "абудзіць" сваіх дзяцей, спячых у доме (Лк 11:7). Сапраўды, у вялікай касцёльнай сям'і Айцец, не вагаючыся, робіць усіх нас датычнымі кожнага Яго жэсту любові. Пан заўсёды слухае нас, калі мы молімся Яму”, - нагадаў Пантыфік, дадаючы, што, калі мы часам не разумеем Яго адказаў, то гэта таму, што Яго мудрасць і Провід выходзяць за рамкі нашага разумення. “Нават у такія моманты мы не перастаем маліцца з упэўненасцю, што ў Ім мы заўсёды знойдзем святло і моц”, - сцвердзіў Леў XIV.
Аднак, як дзеці Божыя, у духу гэтай малітвы мы не можам заставацца абыякавымі да братоў у Хрысце. Калі мы называем Бога "Ойча наш", мы павінны памятаць пра свой абавязак паводзіць сябе як Яго дзеці. Нельга шчыра называць Бога Айцом, калі сэрца застаецца жорсткім і бязлітасным, - адзначыў Папа.
“Сённяшняя літургія запрашае нас у малітве і міласэрнасці адчуць сябе любімымі і любіць, як любіць нас Бог: з гатоўнасцю, сціпласцю, узаемным клопатам, без разлікаў. Папросім Марыю навучыць нас адказваць на заклік, каб адлюстраваць пяшчоту аблічча Айца”, - заклікаў Леў XIV.