MAP

Анёл Панскі: каб жыць вечна, трэба служыць жыццю

Перад малітвай "Анёл Панскі" 13 ліпеня 2025 года Папа разважаў над евангельскай прыпавесцю пра Міласэрнага Самараніна, падкрэсліваючы, што вечнае жыццё спадкуецца праз любоў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

"Што мне рабіць, каб атрымаць у спадчыну жыццё вечнае?" - з гэтага пытання, якое было пастаўлена Езусу ў сённяшнім Евангеллі (Лк 10, 25–37), Леў XIV пачаў 13 ліпеня 2025 года сваё разважанне перад малітвай "Анёл Панскі" на галоўнай плошчы Кастэль Гандольфа, дзе праводзіць гэтыя летнія дні.

Леў XIV вітае вернікаў, сабраных у Кастэль Гандольфа на "Анёл Панскі"
Леў XIV вітае вернікаў, сабраных у Кастэль Гандольфа на "Анёл Панскі"   (@Vatican Media)

Жаданне збаўлення – гэта імкненне да існавання, вольнага ад паразы, зла і смерці

"Гэтыя словы выяўляюць пастаяннае жаданне ў нашым жыцці: жаданне збаўлення, існавання, вольнага ад паразы, зла і смерці", - адзначыў Пантыфік, падкрэсліваючы, што тое, на што спадзяецца сэрца чалавека, апісваецца як дабро, якое трэба "спадкаваць".

"Вечнае жыццё, якое можа даць толькі Бог, перадаецца чалавеку ў спадчыну, як ад бацькі да сына", - патлумачыў Леў XIV. Менавіта таму Езус адказвае, што для атрымання дару Божага трэба прыняць Яго волю: "Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім" і "бліжняга свайго, як самога сябе".

Пантыфік заклікаў вернікаў скіраваць свой погляд на Хрыста. "Езус – гэта аб'яўленне сапраўднай любові да Бога і да чалавека: любові, якая аддае сябе і не імкнецца валодаць, любові, якая прабачае і не ставіць умоў, любові, якая прыходзіць на дапамогу і ніколі не пакідае ў бядзе", - падкрэсліў Святы Айцец.

Вернікі ў Кастэль Гандольфа на малітве "Анёл Панскі" з Львом XIV
Вернікі ў Кастэль Гандольфа на малітве "Анёл Панскі" з Львом XIV   (@Vatican Media)

У Хрысце Бог наблізіўся да кожнага мужчыны і кожнай жанчыны

"У Хрысце Бог наблізіўся да кожнага мужчыны і кожнай жанчыны: таму кожны з нас можа і павінен стаць бліжнім для таго, каго сустракае на шляху", - дадаў Папа, заахвочваючы вернікаў па прыкладзе Езуса, Збаўцы свету, несці суцяшэнне і надзею, асабліва тым, хто зняверыўся і расчараваўся.

"Каб жыць вечна, трэба не падманваць смерць, а служыць жыццю, гэта значыць клапаціцца пра існаванне іншых у час, які мы падзяляем з іншымі", - падкрэсліў Леў XIV, называючы гэта вышэйшым законам, які папярэднічае любому грамадскаму правілу і надае яму сэнс.

Напрыканцы Папа папрасіў Найсвяцейшую Панну Марыю, Маці Міласэрнасці, дапамагчы кожнаму прыняць у сваім сэрцы волю Божую, якая заўсёды з'яўляецца воляй любові і збаўлення, каб кожны дзень заставацца стваральнікамі міру.
 

13 ліпеня 2025, 12:15

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >