MAP

Анёл Панскі: трэба навучыцца і прымаць гасціннасць, і дарыць яе

Перад малітвай "Анёл Панскі" ў Кастэль-Гандольфа 20 ліпеня 2025 года Леў XIV разважаў пра гасціннасць як узаемны абмен паміж Богам і чалавекам, падкрэсліваючы важнасць адкрытасці ў адносінах з іншымі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Святы Айцец адзначыў, што нядзельная літургія прапануе нам паразважаць пра гасціннасць Абрагама і яго жонкі Сары, а таксама сясцёр Марты і Марыі, сяброў Езуса. Ён нагадаў, што ў кожнай Эўхарыстыі сам Бог служыць нам, хоць раней Ён паказаў здольнасць стаць госцем, і цяпер таксама стаіць каля нашых дзвярэй і стукае.

Умець і прымаць, і дарыць

Папа звярнуў увагу на тое, што ў італьянскай мове слова "госць" абазначае як таго, хто прымае, так і таго, каго прымаюць. "Так, у гэтую летнюю нядзелю мы можам сузіраць узаемадзеянне прыняцця, па-за якой наша жыццё збяднее", - сказаў ён.

"Патрэбна пакора як для таго, каб прымаць, так і для таго, каб быць прынятым. Неабходны далікатнасць, увага, адкрытасць. У Евангеллі Марта рызыкуе не ўвайсці ў поўную радасць гэтага абмену. Яна настолькі занятая тым, што ёй трэба зрабіць, каб прыняць Езуса, што рызыкуе сапсаваць незабыўны момант сустрэчы. Марта – шчодры чалавек, але Бог кліча яе да чагосьці прыгажэйшага за саму шчодрасць. Ён кліча яе выйсці па-за свае межы ", - растлумачыў Леў XIV.

Адкрытасць — крыніца жыцця

"Дарагія сёстры і браты, толькі гэта прымушае наша жыццё квітнець: адкрыцца чамусьці, што адцягвае нас ад саміх сябе і адначасова напаўняе нас. У момант, калі Марта скардзіцца, што сястра пакінула яе адну служыць, Марыя як бы страціла адчуванне часу, захопленая словам Езуса. Яна не менш канкрэтная за сваю сястру і не менш шчодрая. Аднак яна скарыстала магчымасць. Таму Езус і звяртае ўвагу Марты: яна засталася па-за блізкасцю, якая і ёй прынесла б шмат радасці", - падкрэсліў Папа.

Летні час для душэўнага адпачынку

Святы Айцец заўважыў, што летні час можа дапамагчы нам "запаволіцца" і стаць больш падобнымі да Марыі, чым да Марты. "Часам мы не дазваляем сабе прыняць “лепшую частку”. Нам трэба перажыць крыху адпачынку, з жаданнем больш навучыцца мастацтву гасціннасці. Індустрыя адпачынку хоча прадаць нам усялякі від вопыту, але, магчыма, не тое, што мы шукаем", - разважаў Леў XIV.

"Сапраўды, кожная сапраўдная сустрэча – з Богам, з іншымі людзьмі ці з прыродай – з'яўляецца бясплатнай, і яе нельга купіць. Нам проста трэба навучыцца быць гасцямі: умець даваць месца іншым і таксама прасіць яго для сябе; прымаць іншых і дазваляць сябе прымаць. Мы не толькі павінны даваць, але і гатовыя шмат чаго атрымліваць. Абрагам і Сара, нягледзячы на свой сталы ўзрост, адкрылі ўласную пладавітасць, калі з адкрытым сэрцам прынялі самога Пана ў вобразе трох вандроўнікаў. Гэтак жа і для нас існуе яшчэ шмат чаго ў жыцці, што чакае нашага прыняцця", - дадаў Папа.

Святы Айцец заклікаў да малітвы да Найсвяцейшай Багародзіцы, прымаючай Маці, якая прытуліла ў сваім улонні Пана і разам з Юзафам дала Яму дом. "У Ёй ззяе наша пакліканне, пакліканне Касцёла заставацца домам, адкрытым для ўсіх, каб працягваць прымаць свайго Пана, Які просіць дазволу ўвайсці", - заключыў Леў XIV.
 

20 ліпеня 2025, 12:14

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >