MAP

Адкрыццё Юбілею моладзі: у гэтыя дні Рым у вашых руках!

28 ліпеня 2025 года ў Рыме распачаўся Юбілей моладзі – найбуйнейшая падзея Святога года. Вечны горад запоўнілі сотні тысяч юнакоў і дзяўчат з 146 краін свету. Увечары на Плошчы святога Пятра адбылася ўрачыстая Імша, якую ўзначаліў пра-прэфект Дыкастэрыі па евангелізацыі арцыбіскуп Рына Фізікела. Нечаканай кульмінацыяй свята стала прывітанне Льва XIV.

Марыя Валодзіна - Vatican News

У гэты вечар на ватыканскай плошчы і прылеглых вуліцах сабралося каля 120 тысяч маладых пілігрымаў. Панаваў дух сапраўднага свята: гучала музыка, луналі сцягі, хлопцы і дзяўчаты ў каляровых футболках з энтузіязмам спявалі гімн Юбілею.

“Дарагія сябры! Вітаю вас ад імя Папы Льва XIV!” - звярнуўся да моладзі арцыбіскуп Фізікела, адказны за арганізацыю Юбілею.

“Мы доўга чакалі вас, і вось вы тут.”

“Дзякуй за тое, што адгукнуліся на запрашэнне Папы прыняць удзел у гэтым Юбілеі, прысвечаным вам і надзеі, якую кожны носіць у сэрцы. Вы прыехалі з розных куткоў свету. Сярод вас ёсць сябры, якія паходзяць з рэгіёнаў, ахопленых вайной: з Украіны, Палесціны. Няхай вашыя братэрскія абдымкі, якія яднаюць нас у адно цела, дасягнуць кожнага. Дайце ім адчуць цяпло вашага сяброўства”, - заклікаў іерарх.

“Многія з вас пераадолелі шмат цяжкасцяў, каб быць сёння тут, у Рыме. Пан не расчаруе вас. Ён ідзе вам насустрач, а вы заставайцеся пільнымі, каб распазнаць Яго прысутнасць. Напоўніце гэтыя дні радасцю і духоўнасцю, знаходзячы новых сяброў, і перш за ўсё, сузірайце Рым і яго шматлікія шэдэўры – адлюстраванне веры, якая натхніла гэтую прыгажосць. Мы тут, каб перадаць веру і ўсвядоміць вялікую ролю Езуса Хрыста ў нашым жыцці. Давайце адгукнёмся з энтузіязмам: у гэтыя дні Рым і ўсё, што ён сімвалізуе, у вашых руках!” - сцвердзіў арцыбіскуп Фізікела, запрашаючы ўсіх 2-3 жніўня ў “Тор Вергату” на вігілію і на святую Імшу з Львом XIV. У нядзелю там чакаецца каля мільёна чалавек.

Нечаканай кульмінацыяй свята стала з'яўленне Папы Льва XIV, які пасля Імшы прыехаў на плошчу, каб асабіста прывітаць удзельнікаў Юбілею. Святы Айцец праехаў па плошчы і па Віа-дэла-Канчыліяцыёнэ на папамабілі, а затым звярнуўся да юнакоў і дзяўчат з кароткім прывітаннем на некалькіх мовах. “Езус кажа нам: вы – соль зямлі, вы – святло свету! І сёння вашы галасы, ваш энтузіязм, вашы воклічы – усё гэта дзеля Езуса Хрыста. Іх будуць чуць ва ўсіх частках свету!” – сказаў Пантыфік, заклікаючы моладзь несці ў свет пасланне надзеі.

“Давайце ўсе разам скажам: "Мы хочам міру ў свеце!"”

29 ліпеня 2025, 21:47