MAP

Кардынал Вэн-Труа Кардынал Вэн-Труа   (AFP or licensors)

Тэлеграма Папы: кардынал Вэн-Труа быў добрым і руплівым пастырам

Даведаўшыся пра адыход да Бога кардынала Андрэ Вэн-Труа, Леў XIV накіраваў тэлеграму спачування арцыбіскупу Парыжа Ларану Ульрышу, духавенству і вернікам архідыяцэзіі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

"Хачу звярнуцца асабліва да сям'і і блізкіх памерлага, да медыцынскіх работнікаў “Дома Марыі-Тэрэзы”, якія падтрымлівалі яго падчас выпрабаванняў хваробы, а таксама да духавенства і вернікаў Парыжскай архідыяцэзіі, якой ён быў добрым і руплівым пастырам на працягу 12 гадоў", - напісаў Леў XIV.

"Я малюся, каб пасля таго, як ён аддаваў сябе ў пастырскім служэнні і ў апошнія дні яднаўся з Крыжам Хрыста ў сваім целе, уваскрослы Пан прыняў яго цяпер у свой дом спачыну, міру і святла", - працягвае Папа ў сваім пасланні.

Леў XIV завяршае тэлеграму, просячы для кардынала Вэн-Труа ўзнагароды, якую Божы Настаўнік абяцаў верным слугам, і ўдзяляе апостальскае благаслаўленне ўсім, хто сумуе з прычыны яго адыходу.

Як паведамлялася раней, кардынал Андрэ Вэн-Труа памёр 18 ліпеня 2025 года ва ўзросце 82 гадоў. Яго пахаванне адбудзецца 23 ліпеня ў катэдры Нотр-Дам у Парыжы, якая была адноўлена пасля пажару 2019 года.
 

22 ліпеня 2025, 12:31