MAP

Леў XIV сустрэўся з кіраўніцтвам епіскапату Францыі Леў XIV сустрэўся з кіраўніцтвам епіскапату Францыі  (@VATICAN MEDIA)

Леў XIV сустрэўся з кіраўніцтвам епіскапату Францыі

Падчас сустрэчы Папы Льва XIV з кіраўніцтвам епіскапату Францыі, якое завяршае сваю кадэнцыю, абмяркоўваліся экалагічныя пытанні, рост колькасці катэхуменаў і напружаная міжнародная сітуацыя.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Напярэдадні заканчэння сваёй шасцігадовай кадэнцыі, якая афіцыйна завяршаецца 30 чэрвеня, кіраўніцтва епіскапату Францыі здзейсніла традыцыйны візіт у Ватыкан. Падчас сустрэч 19 і 20 чэрвеня 2025 года французскія іерархі прадставілі Папу і кіраўнікам дыкастэрый падрабязную справаздачу пра стан Касцёла ў Францыі і выклікі, з якімі ён сутыкаецца.

У склад дэлегацыі ўвайшлі арцыбіскуп Рэймса Эрык дэ Мулен-Бафор, старшыня епіскапату, арцыбіскуп Тура Вэнсан Жорды і біскуп Крэтэя Дамінік Бланшэ, віцэ-старшыні, Юг дэ Вуамон, генеральны сакратар і прэс-сакратар Канферэнцыі, у суправаджэнні спадарыні Сэлін Рэйна-Фуртон, дырэктара па інстытуцыйных і міжнародных справах.

Візіт пачаўся сустрэчай з паслом Францыі пры Святым Пасадзе, спадарыняй Фларанс Манжэн, і яе супрацоўнікамі.

У пятніцу 20 чэрвеня прэзідыум быў прыняты на аўдыенцыі Святым Айцом. Падчас сустрэчы быў прадстаўлены вынік апошніх шасці гадоў і заключная справаздача кадэнцыі. Былі закрануты наступныя тэмы: катэхумены, салідарнасць, фарміраванне святароў, традыцыяналісты, працэс трансфармацыі епіскапату, экалогія, місія, сінадальнасць, інстытуцыйныя адносіны Касцёла ў Францыі.

Леў XIV звярнуў асаблівую ўвагу на экалагічныя пытанні ў святле энцыклікі "Laudato si'", рост колькасці катэхуменаў у Францыі, а таксама на вельмі напружаную міжнародную сітуацыю ў розных частках свету.

Падчас знаходжання ў Рыме дэлегацыя наведала некалькі ватыканскіх дыкастэрый. Французскія біскупы сустрэліся з прадстаўнікамі Дыкастэрыі па справах Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў. Адбылася таксама сустрэча з кардыналам Джорджам Джэйкабам Коавакадам, прэфектам Дыкастэрыі па міжрэлігійным дыялогу.

Асобная размова адбылася ў Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям'і і жыцця, дзе галоўнай тэмай сталі біяэтычныя пытанні, у прыватнасці, праблема легалізацыі эўтаназіі, якая цяпер актыўна абмяркоўваецца ў Францыі.
 

22 чэрвеня 2025, 11:51