MAP

У Харкаў прыбыў грузавік з гуманітарнай дапамогай ад Льва XIV

Папа Леў XIV працягвае распачатую Францішкам місію міласэрнасці ва Украіне. Адзін з гарадоў, які найбольш пацярпеў ад апошніх расійскіх абстрэлаў, атрымаў гуманітарны груз.

Марыя Валодзіна - Vatican News

“Нават у перыяд Sede Vacante ватыканская дыкастэрыя па міласэрным служэнні не спыняла сваёй місіі – несці міласэрнасць Папы туды, дзе яна найбольш патрэбная”, - адзначыў папскі элемазінарый, кардынал Конрад Краеўскі. "Міласэрнасць ніколі не спыняецца", - дадаў ён.

Вялікі грузавік з гуманітарнай дапамогай адправіўся ў Харкаў з украінскай грэка-каталіцкай парафіі святой Сафіі ў Рыме. З самага пачатку вайны гэтая царква, якая аб’ядноўвае ўкраінскую дыяспару Вечнага горада, стала цэнтрам збору гуманітарнай дапамогі для тых, хто пакутуе.

Грузавік даставіў ва Украіну прадукты харчавання, матрацы, шмат дзіцячых рэчаў, а таксама мэблю: сталы і крэслы, перададзеныя адным з гатэляў. "Яны маюць патрэбу ва ўсім, асабліва цяпер”, - патлумачыў кардынал Краеўскі.

Грузавік з гуманітарным грузам ад Святога Пасада прыбыў у Харкаў
Грузавік з гуманітарным грузам ад Святога Пасада прыбыў у Харкаў
13 чэрвеня 2025, 10:18