MAP

Святы Айцец: сінадальнасць – гэта стыль і лад жыцця ў Касцёле

26 чэрвеня 2025 года ў Ватыкане адбылася сустрэча Звычайнай рады Генеральнага сакратарыята Сінода Біскупаў, удзельнікаў якой прывітаў Папа Леў XIV.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Святы Айцец падкрэсліў сваю радасць з нагоды сустрэчы і адзначыў, што хоць не можа прысутнічаць на ёй увесь дзень, скарыстаецца магчымасцю, каб падзяліцца ідэяй, якую лічыць цэнтральнай.

Папа Францішак даў новы імпульс Сіноду Біскупаў, пакінуўшы ў спадчыну разуменне сінадальнасці як стылю і ладу жыцця ў Касцёле, які спрыяе ўдзелу і еднасці народа Божага. Ён ажыццяўляў гэтую канцэпцыю падчас Сінодаў па пытаннях сям’і, а таксама на апошнім Сінодзе, цалкам прысвечаным менавіта сінадальнасці, - нагадаў Леў XIV.

Пантыфік адзначыў, што Сінод Біскупаў і далей захавае сваю інстытуцыйную структуру, адначасова ўзбагачаючыся плёнамі сінадальнага шляху. Задача Звычайнай рады Генеральнага сакратарыята Сінода – збіраць гэтыя духоўныя і пастырскія плёны і аналізаваць іх з улікам будучых перспектыў.

Папа заахвоціў членаў Рады працягваць працу і запэўніў іх у сваёй малітве аб тым, каб яна была плённай.

26 чэрвеня 2025, 14:15