Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі Прэзідэнта Італіі
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Леў XIV і Серджа Матарэла правялі прыватную размову за зачыненымі дзвярамі, якая доўжылася крыху менш за гадзіну. Падрабязнасці перамоваў не раскрываюцца.
Зала Друку Святога Пасаду паведаміла, што пасля аўдыенцыі ў Пантыфіка Матарэла сустрэўся з кардыналам-дзяржсакратаром П'етра Паралінам, якога суправаджаў мансеньёр Міраслаў Вахоўскі, падсакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі.
“Падчас сардэчных перамоваў у Дзяржаўным сакратарыяце была выказана задаволенасць існуючымі добрымі двухбаковымі адносінамі. Закраналіся некаторыя міжнародныя тэмы, з асаблівай увагай да канфліктаў ва Украіне і на Блізкім Усходзе. У далейшым ходзе размовы былі абмеркаваны асобныя сацыяльныя пытанні, з асаблівым акцэнтам на ўклад Касцёла ў жыццё краіны”, - гаворыцца ў ватыканскім камюніке.