Пантыфік: няхай Касцёл будзе домам і школай адзінства
Аляксандр Панчанка - Vatican News
“Сёння – вялікае свята Касцёла ў Рыме, народжанага сведчаннем апосталаў Пятра і Паўла і ўмацаванага дзякуючы іх крыві і крыві многіх мучанікаў”, - сказаў Пантыфік, нагадаўшы, што і сёння ў свеце ёсць шмат хрысціян, якія аддаюць жыццё за веру.
Біскуп Рыма служыць адзінству Касцёла
“Такім чынам існуе экуменізм крыві – нябачнае і глыбокае адзінства паміж хрысціянскімі Цэрквамі, якія яшчэ не дасягнулі поўнай і бачнай еднасці. Таму хачу нагадаць у гэтую ўрачыстасць, што маё біскупскае служэнне з’яўляецца служэннем адзінству, а Касцёл у Рыме, дзякуючы крыві святых Пятра і Паўла, пакліканы спрыяць адзінству паміж усімі Цэрквамі”, - падкрэсліў Леў XIV.
Той, хто ідзе за Хрыстом, сустракаецца з супрацьстаяннем
Пантыфік нагадаў, што Бог робіць краевугольным каменем тое, што было адкінута людзьмі. У якасці прыкладу ён указаў на базілікі святых Пятра і Паўла, якія ў старажытнасці былі пабудаваныя на ўскраіне Рыма, па-за гарадскімі мурамі.
“Тое, што нам цяпер здаецца вялікім і слаўным, калісьці было адкінута і аддалена, бо не адпавядала мірской логіцы. Той, хто ідзе за Езусам, ідзе шляхам благаслаўленняў, дзе ўбоства духа, лагоднасць, міласэрнасць, голад і смага справядлівасці, праца на карысць міру выклікаюць супрацьстаянне і нават пераслед. І ўсё ж Божая слава ззяе ў Яго сябрах і перамяняе іх на шляху – ад навяртання да навяртання”, - дадаў ён.
Прыклад пастаяннага навяртання
Гісторыя Пятра і Паўла, паводле слоў Папы, вучыць нас таму, што і мы можам жыць у пастаянным навяртанні. “Новы Запавет не хавае памылак, супярэчнасцяў і грахоў тых, каго мы шануем як найвялікшых апосталаў. Іх веліч, насамрэч, была сфармавана праз прабачэнне. Уваскрослы не раз ішоў да іх, каб вярнуць на свой шлях. Езус ніколі не кліча адзін раз. Таму мы ўсе можам мець надзею, як нагадвае нам таксама Юбілей”, - сказаў Святы Айцец.
“Адзінства ў Касцёле і паміж Цэрквамі, дарагія браты і сёстры, жывіцца прабачэннем і ўзаемным даверам – пачынаючы з нашых сем’яў і супольнасцяў. Бо калі Езус давярае нам, то і мы можам давяраць адзін аднаму ў Яго імя”, - падкрэсліў Папа.
“Няхай апосталы Пётр і Павел разам з Найсвяцейшай Паннай Марыяй заступаюцца за нас, каб у гэтым разадраным свеце Касцёл быў домам і школай адзінства”, - завяршыў свой зварот Пантыфік.