MAP

Абломкі самалёта кампаніі "Air India" на жылым доме Абломкі самалёта кампаніі "Air India" на жылым доме 

Святы Айцец моліцца за ахвяр авіякатастрофы ў Індыі

Папа Леў XIV выказаў спачуванні ў сувязі з авіякатастрофай, якая адбылася ў Індыі. 12 чэрвеня 2025 года ў Ахмедабадзе пацярпеў крушэнне самалёт авіякампаніі Air India. На борце знаходзіліся 242 чалавекі. Паводле інфармацыі СМІ, выжылі два пасажыры.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Святы Айцец быў “глыбока скрушаны трагедыяй” і скіроўвае “шчырыя спачуванні сем’ям і блізкім загінулых, а таксама запэўнівае ў малітве за ўсіх, хто ўдзельнічае ў ратавальных аперацыях”, - гаворыцца ў тэлеграме за подпісам кардынала-дзяржсакратара П’етра Параліна.

“Давяраючы душы загінулых міласэрнасці Усемагутнага, Яго Святасць заклікае Божае благаслаўленне аздараўлення і супакою на ўсіх пацярпелых”, - завяршаецца папскае спачувальнае пасланне.

Самалёт “Boeing Dreamliner 787-8” авіякампаніі “Air India”, які накіроўваўся з Ахмедабада ў Лондан, пачаў губляць вышыню падчас узлёту і ўпаў на жылы масіў. Паведамляецца, што сярод пасажыраў былі грамадзяне Індыі, Вялікабрытаніі, Партугаліі і адзін грамадзянін Канады.
 

12 чэрвеня 2025, 14:36