Святы Айцец: мір і братэрства – умова харчовай бяспекі
Аляксандр Панчанка - Vatican News
30 чэрвеня 2025 года Леў XIV скіраваў пасланне да ўдзельнікаў 44-й сесіі Канферэнцыі ФАО – Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі Аб’яднаных Нацый, якая сёлета адзначае 80-годдзе свайго існавання.
Дзяленне – ключ да перамогі над голадам
“Касцёл падтрымлівае ўсе ініцыятывы, скіраваныя на тое, каб пакласці канец скандалу голаду ў свеце, раздзяляючы пачуцці свайго Пана, Езуса, які, як апавядаюць Евангеллі, калі ўбачыў вялікі натоўп людзей, што ішлі слухаць Ягонае слова, найперш паклапаціўся пра тое, каб яны былі накормленыя, і даручыў вучням узяць на сябе гэтую задачу, шчодра благаслаўляючы іх намаганні”, - напісаў Папа.
Пантыфік падкрэсліў, што цуд “памнажэння хлябоў”, учынены Хрыстом, паказаў: ключ да перамогі над голадам – не ў прагным назапашванні, а ў здольнасці дзяліцца. “І вось пра гэта мы сёння, магчыма, забыліся”, - з жалем канстатаваў Святы Айцец, адзначаючы, што, нягледзячы на некаторыя значныя крокі, глабальная харчовая бяспека працягвае пагаршацца, а гэта ставіць пад сумнеў магчымасць выкаранення голаду да 2030 года.
Голад як танны спосаб вядзення вайны
Папа адзначыў, што праблема голаду і недаядання працягвае заставацца актуальнай, нягледзячы на тое, што чалавецтва мае магчымасць забяспечыць ежай усіх.
“У дадатак да гэтага, мы са смуткам назіраем сёння злачыннае выкарыстанне голаду як зброі вайны”, - адзначыў Святы Айцец, падкрэсліўшы, што асуджэнне мірнага насельніцтва на галодную смерць – “гэта адзін з самых танных спосабаў вядзення вайны”.
Леў XIV нагадаў, што сучасным канфліктам, якія часта вядуцца не рэгулярнымі арміямі, а ўзброенымі групамі, нярэдка спадарожнічаюць спаленне зямлі, крадзеж жывёлы, блакаванне гуманітарнай дапамогі, напады на сістэмы водазабеспячэння і камунікацыйныя шляхі – што прыводзіць да гібелі мноства людзей ад голаду, у той час як палітычныя эліты нажываюцца на карупцыі і беспакаранасці.
“Таму настаў час міжнароднай супольнасці сфармуляваць і прыняць выразныя, агульнапрынятыя і юрыдычна абавязальныя меры, каб караць такія злачынствы і прыцягваць да адказнасці тых, хто іх здзяйсняе”, - напісаў Святы Айцец.
Перайсці ад слоў да спраў
“Адкладанне вырашэння гэтай крызіснай сітуацыі толькі пагоршыць праблему: пакуты і нястача будуць назапашвацца, робячы шлях да яе пераадолення ўсё цяжэйшым і заблытаным. Таму неабходна тэрмінова перайсці ад слоў да спраў, ставячы ў цэнтр эфектыўныя меры, што дадуць людзям магчымасць з надзеяй і спакоем глядзець у будучыню, а не толькі з пакорлівасцю. Прыйшоў час пакласці канец эпосе лозунгаў і падманлівых абяцанняў. У гэтым кантэксце нельга забывацца: рана ці позна нам давядзецца тлумачыцца перад будучымі пакаленнямі, якія атрымаюць у спадчыну свет несправядлівасці і няроўнасці, калі мы цяпер не паступім мудра”, - папярэдзіў Пантыфік.
Канфлікты – пагроза глабальнай харчовай бяспецы
Папа адзначыў, што галоўную ролю ў пагаршэнні харчовай сітуацыі адыгрываюць палітычныя крызісы, узброеныя канфлікты і эканамічныя ўзрушэнні. “Без міру і стабільнасці немагчыма гарантаваць устойлівыя агра-харчовыя сістэмы і здаровае, даступнае і ўстойлівае харчаванне для ўсіх. Таму неабходны сапраўдны дыялог, у якім бакі маюць не толькі жаданне гаварыць, але і слухаць, разумець адно аднаго і дзейнічаць разам. Перашкоды будуць, але пры сапраўднай чалавечнасці і братэрстве вынікі не прымусяць сябе чакаць”, - запэўніў Леў XIV.
Аб’яднаць намаганні дзеля экалагічнага пераходу
Пантыфік згадаў таксама пра ўплыў кліматычных змен на харчовую бяспеку, заклікаўшы ў духу салідарнасці пераадолець сацыяльную несправядлівасць, выкліканую прыроднымі катастрофамі і стратай біяразнастайнасці, ад якіх пакутуюць найбольш неабароненыя супольнасці, у прыватнасці, карэнныя народы.
Накіраваць рэсурсы на змаганне з беднасцю і голадам
Леў XIV адзначыў, што фінансавыя рэсурсы і інавацыйныя тэхналогіі, якія маглі б быць накіраваныя на змаганне з беднасцю і голадам, замест гэтага ідуць на вытворчасць і гандаль зброяй. “Адначасова культывуюцца сумнеўныя ідэалогіі і назіраецца астыванне чалавечых адносін, што разбурае згоду і адкідае братэрства і сацыяльнае сяброўства”, - падкрэсліў Папа, дадаўшы, што “сёння, як ніколі раней, неабходна быць будаўнікамі міру, працуючы на карысць агульнага дабра”.
“Для забеспячэння міру і развіцця, якое азначае паляпшэнне ўмоў жыцця тых, хто церпіць ад голаду, вайны і беднасці, патрэбныя канкрэтныя дзеянні, заснаваныя на сур’ёзных і перспектыўных падыходах. Таму трэба адмовіцца ад бясплоднай рыторыкі і, як казаў Папа Францішак, “згладжваць разыходжанні дзеля стварэння атмасферы супрацоўніцтва і ўзаемнага даверу для задавальнення агульных патрэбаў”, - сцвердзіў Пантыфік, падкрэсліўшы, што Святы Пасад заўсёды будзе служыць згодзе паміж народамі і дабру ўсёй чалавечай сям’і, асабліва галодных і прагнучых.