MAP

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Айцец: Бог заўсёды побач з тымі, хто пакутуе

Папа Леў XIV запэўніў у сваёй духоўнай блізкасці ўдзельнікаў “Дня для жыцця”, арганізаванага 15 чэрвеня 2025 года епіскапатамі Англіі і Уэльса, Шатландыі і Ірландыі.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Тэма сёлетняй ініцыятывы – “Надзея не падвядзе: знаходзіць сэнс у цярпенні”. Яна з’яўляецца нагодай, каб скіраваць увагу на тое, што “таямніца пакутаў, часта прысутная ў чалавечым жыцці, дзякуючы ласцы можа ператварыцца ў спазнанне прысутнасці Бога”, бо “Бог заўсёды блізкі да тых, хто церпіць, і вядзе нас да разумення глыбейшага сэнсу жыцця ў любові і блізкасці”, - гаворыцца ў прывітальнай тэлеграме.

Пасланне на імя арцыбіскупа Джона Шэрынгтана, старшыні Камісіі па пытаннях абароны жыцця Канферэнцыі Біскупаў Англіі і Уэльса, было скіравана за подпісам кардынала-дзяржсакратара П’етра Параліна.

“Яго Святасць моліцца, каб праз вашае супольнае сведчанне пра дадзеную Богам годнасць кожнага, без выключэння, чалавека і праз ласкавую, падобную да Хрыстовай, падтрымку цяжкахворых, усе ў грамадстве былі заахвочаны абараняць, а не падрываць цывілізацыю, якая грунтуецца на сапраўднай любові і сапраўдным спачуванні”, - гаворыцца ў папскай тэлеграме.
 

15 чэрвеня 2025, 11:13