Святы Айцец адзначае гадавіну прэзбітэрскага пасвячэння
Аляксандр Панчанка - Vatican News
На той момант будучаму Пантыфіку было 27 гадоў. Годам раней ён склаў вечныя манаскія абяцанні ў Ордэне святога Аўгустына, у які ўступіў у 1977 годзе. Ужо маючы ступень магістра тэалогіі, атрыманы ў Чыкага, Прэвост вывучаў кананічнае права ў Папскім універсітэце святога Тамаша Аквінскага ў Рыме, шырока вядомым як “Angelicum”, дзе пазней атрымае ліцэнцыят і доктарскую ступень. У 1985 годзе ён далучыцца да місіі аўгустыніянаў у Перу.
Святарскае пасвячэнне тагачаснаму маладому амерыканскаму законніку ўдзяліў бельгійскі арцыбіскуп Жан Жадо – на той час пра-старшыня Сакратарыяту па справах нехрысціян, а раней – Апостальскі дэлегат і пра-нунцый у розных краінах Азіі, Афрыкі і ЗША.
Як заўважыў Андрэа Тарніелі, галоўны рэдактар СМІ Святога Пасада, на прыміцыйным абразку Роберта Прэвоста былі напісаны словы святога Аўгустына: “Я не магу насыціць вас усіх звычайным хлебам. Але гэта Слова з’яўляецца вашай порцыяй. Я кармлю вас з таго самага стала, з якога спажываю сам. Я – ваш слуга”.
Капліца святой Монікі, у якой адбывалася пасвячэнне, была пабудавана ў 1941 годзе. Яна знаходзіцца ў некалькіх кроках ад Ватыкана і належыць да Міжнароднага калегіума аўгустыніянаў.
У 2023 годзе Папа Францішак надаў гэтай невялікай святыні статус тытулярнай дыяконіі. Яе тытул з 30 студзеня 2023 па 6 лютага 2025 года насіў кардынал-дыякан Роберт Фрэнсіс Прэвост (пазней кардынал-біскуп Альбана). Капліца размешчана насупраць Палаца Сант-Уфіцыа, у якім ён пражываў, будучы прэфектам Дыкастэрыі па справах біскупаў, і пражывае дагэтуль – у чаканні заканчэння рамонтных прац у папскіх апартаментах Апостальскага палаца Ватыкана.