MAP

Папа: сэрца абліваецца крывёю ад думкі пра Блізкі Усход і Украіну

Ваенны гвалт абрынуўся на тэрыторыі хрысціянскага Усходу з д’ябальскай лютасцю, - нагадаў Папа, падкрэсліўшы, што людзі не павінны гінуць з-за фэйкавых навін і жадання абагачэння гандляроў смерцю.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

26 чэрвеня 2025 года Леў XIV сустрэўся з удзельнікамі 98-й пленарнай асамблеі ROACO – ініцыятыў дапамогі Усходнім Цэрквам. Ён падзякаваў сваім гасцям за працу, якую назваў “абвяшчэннем радасці” і “сеяннем надзеі” на “землях хрысціянскага Усходу, як ніколі раней разбураных войнамі, спустошаных эгаізмам, ахопленых покрывам нянавісці, што робіць паветра непрыдатным для дыхання і таксічным”.

“Вы – балон з кіслародам для Усходніх Цэркваў, змучаных канфліктамі. Для многіх народаў, бедных матэрыяльна, але багатых верай, вы – святло, якое ззяе ў цемры нянавісці”, - дадаў ён.

Людзі не могуць гінуць з-за фэйкавых навін

Папа адзначыў, што “гісторыя ўсходніх каталіцкіх Цэркваў часта была пазначана пераследам і гвалтам; на жаль, не бракавала таксама прыгнёту і непаразуменняў унутры самога каталіцтва, якое не заўсёды было здольнае прызнаць і ацаніць каштоўнасць традыцый, адрозных ад заходняй”.

“Але сёння ваенны гвалт, здаецца, абрынуўся на тэрыторыі хрысціянскага Усходу з д’ябальскай лютасцю, якой яшчэ не было. Гэта закранула нават вашу штогадовую сесію праз адсутнасць тых, хто павінен быў прыехаць з Святой Зямлі, але не змог распачаць падарожжа. Сэрца абліваецца крывёю ад думкі пра Украіну, пра трагічную і нялюдскую сітуацыю ў Газе і пра Блізкі Усход, спустошаны выбухам вайны. Мы ўсе, як чалавецтва, пакліканы прааналізаваць прычыны гэтых канфліктаў – вылучыць сапраўдныя, паспрабаваць пераадолець іх, і адкінуць ілжывыя, якія з’яўляюцца вынікам эмацыйных маніпуляцый і рыторыкі, рашуча выкрываючы іх. Людзі не могуць гінуць з-за фэйкавых навін”, - падкрэсліў ён.

Людзі не ведаюць, колькі грошай ідзе ў кішэні гандляроў смерцю

“Сапраўды сумна сёння назіраць у многіх кантэкстах трыумф права мацнейшага, якім легітымізуюцца ўласныя інтарэсы. Пакідае ў роспачы той факт, што сіла міжнароднага і гуманітарнага права, здаецца, больш не абавязвае, а яе замяняе ўяўнае права прымушаць іншых сілай. Гэта не адпавядае годнасці чалавека, гэта сорам для чалавецтва і для адказных за народы”, - адзначыў Святы Айцец.

“Як можна верыць, пасля стагоддзяў гісторыі, што вайсковыя дзеянні прынясуць мір і не абернуцца супраць тых, хто іх распачаў? Як можна думаць, што магчыма будаваць будучыню без згоды, без агульнага бачання, натхнёнага агульным дабром? Як можна працягваць здраджваць імкненню народаў да міру праз фальшывую прапаганду пераўзбраення – у дарэмнай ілюзіі, што перавага вырашыць праблемы, замест таго каб падсілкоўваць нянавісць і помсту? Людзі ўсё больш жывуць у няведанні таго, колькі грошай ідзе ў кішэні гандляроў смерцю, на якія можна было б будаваць бальніцы і школы; а замест гэтага – знішчаюцца тыя, што ўжо былі пабудаваныя!”, - сказаў Папа.

Маліцца, дапамагаць і сведчыць

Леў XIV заўважыў, што ў такім кантэксце хрысціяне пакліканы не толькі ўздымаць свой голас і працаваць на карысць міру, але таксама маліцца, аказваць дапамогу і даваць сведчанне, застаючыся вернымі Хрысту і не паддавацца спакусе ўлады. Ён заклікаў наследаваць Езуса, які на крыжы перамог зло любоўю, а таксама адзначыў важнасць сведчання прабачэння, сумленнасці і празрыстасці сярод мора карупцыі.

“Давайце пойдзем за Хрыстом, які вызваліў сэрцы ад нянавісці, і будзем даваць прыклад, каб выйсці з логікі падзелаў і помсты”, - сказаў Святы Айцец, выказваючы падзяку хрысціянам Усходніх Цэркваў, за тое, што адказваюць на зло дабром і застаюцца на сваёй зямлі вучнямі і сведкамі Хрыста.

Усходнія католікі – не далёкія “кузэны”

Пантыфік пажадаў, каб прыгажосць усходніх традыцый і літургіі станавілася больш вядомай у Каталіцкім Касцёле, каб ён “зноў навучыўся дыхаць абедзвюма лёгкімі – усходнім і заходнім”. “Захаваць хрысціянскі Усход можна толькі тады, калі яго любяць; я любіць – можна толькі тады, калі яго ведаюць”, - падкрэсліў Папа.

“Патрэбны сустрэчы і супрацоўніцтва ў пастырскай дзейнасці, бо ўсходнія католікі ўжо не далёкія “кузэны”, якія цэлебруюць невядомыя абрады, але браты і сёстры, якія праз вымушаную міграцыю жывуць побач з намі. Іх адчуванне сакральнага, іх крышталёва чыстая вера, загартаваная выпрабаваннямі, іх духоўнасць, што дыхае Божай таямніцай, могуць стаць карыснымі для спатольвання духоўнай смагі, якая хоць і схаваная, але прысутнічае на Захадзе”, - дадаў Святы Айцец.
 

26 чэрвеня 2025, 11:10