MAP

Папа біскупам: дбаць пра святароў і бачыць аблічча Хрыста ў бедных

Папа заклікаў біскупаў Мадагаскара быць сведкамі надзеі для свайго народа, клапаціцца пра духавенства, з запалам абвяшчаць Евангелле, бачыць аблічча Хрыста ў бедных і вучыць вернікаў дбаць пра навакольнае асяроддзе.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

16 чэрвеня 2025 года Леў XIV прыняў на аўдыенцыі епіскапат Мадагаскара, які здзейсніў сумесную пілігрымку ў Рым з нагоды Юбілейнага года. Пантыфік выказаў захапленне рашэннем біскупаў разам прыбыць у Вечны горад, назваўшы гэты жэст “прыгожым знакам адзінства”.

Пілігрымы надзеі

“Цудоўна, што вы сталі пілігрымамі надзеі разам з тысячамі вернікаў, якія штодзённа пераступаюць Святыя Брамы папскіх базілік. У першую чаргу вы з’яўляецеся пілігрымамі надзеі для саміх сябе: вы, пастыры, нагадалі, што перш за ўсё вы – авечкі статку, якім Хрыстус кажа: “Я – брама для авечак. Хто ўвойдзе праз Мяне, будзе збаўлены, і ўвойдзе, і выйдзе, і знойдзе пашу” (Ян 10,7.9). І адначасова вы сталі пілігрымамі надзеі для свайго народу: для сем’яў, пажылых, дзяцей, моладзі, каб Касцёл у Мадагаскары праз вас атрымаў ласку крочыць у надзеі, якой з’яўляецца Езус Хрыстус”, - сказаў Папа.

Клопат пра святароў і кансэкраваных асоб

Пантыфік прызнаўся, што з задавальненнем выслухаў аповед біскупаў пра іх радасці і пастырскія выбрабаванні. “Ваша блізкасць да Божага народа – гэта жывы знак Евангелля. Заклікаю кожнага з вас да вытрываласці ў біскупскім служэнні, асабліва ў апецы над святарамі, якія з’яўляюцца вашымі першымі супрацоўнікамі і найбліжэйшымі братамі, а таксама над кансэкраванымі асобамі, што цалкам аддаюць сябе ў служэнні”, - падкрэсліў Леў XIV.

Несці Евангелле пра прыкладзе святых місіянераў

Святы Айцец падзякаваў за місіянерскую дзейнасць Касцёла на Мадагаскары, заклікаўшы наследаваць прыклад святых, якія неслі Евангелле на гэты востраў без страху перад непрыняццем і пераследам. “Хачу згадаць пра Анры дэ Саляжа, першага місіянера, які не адступіў перад няўдачай і зняволеннем, і пра святога мучаніка Жака Берцье, чыя кроў стала насеннем хрысціян на Мадагаскары. Няхай іх прыклад і надалей умацоўвае вас у поўным ахвяраванні сябе Хрысту і Яго Касцёлу”, - заклікаў Папа.

Распазнаваць у бедных аблічча Хрыста

Леў XIV заахвоціў біскупаў не адварочваюць позірк ад бедных, бо яны знаходзяцца ў цэнтры Евангелля і з’яўляюцца прывілеяванымі адрасатамі Добрай навіны. “Умейце распазнаваць у іх аблічча Хрыста, і няхай ваша пастырская дзейнасць заўсёды будзе прасякнута канкрэтнай увагай да самых малых. Няхай ваша служэнне ў гэты Юбілей, нягледзячы на цяжкасці, дапаможа ім адкрываць новыя гарызонты надзеі, якія прапануе Хрыстус”, - падкрэсліў Пантыфік.

Дбаць пра навакольнае асяроддзе

Святы Айцец заахвоціў біскупаў спрыяць клопату пра прыгожую і далікатную прыроду Мадагаскара. “Клопат пра супольны дом – неад’емная частка вашай прароцкай місіі. Дбайце пра стварэнне, якое стогне, і навучайце сваіх вернікаў мастацтву яго захавання ў справядлівасці і міры”, - заклікаў Папа.
 

16 чэрвеня 2025, 11:45