MAP

Чалавек просіць міласціну на вуліцы Рыма Чалавек просіць міласціну на вуліцы Рыма  (ANSA)

Пасланне Папы на Сусветны дзень бедных: Ты – надзея мая

Дапамога бедным – гэта хутчэй пытанне справядлівасці, чым міласэрнасці, - напісаў Леў XIV у Пасланні на ІХ Сусветны дзень бедных, які будзе адзначацца 16 лістапада 2025 года. Цэнтральнай тэмай паслання сталі словы “Ты – надзея мая” (Пс 71,5).

Марыя Валодзіна - Vatican News

Пантыфік заклікаў вернікаў нанова адкрыць для сябе хрысціянскую надзею як адказ на нястабільнасць, якая ахоплівае свет. “Надзея на Бога ніколі не падманвае”, - сцвердзіў ён.

Святы Айцец нагадаў, што бедныя, хоць і пазбаўлены матэрыяльнай бяспекі, часта з’яўляюцца носьбітамі глыбокай і трывалай надзеі. “Яны не могуць спадзявацца на моц і валоданне. Іх надзею трэба шукаць у іншым”, - напісаў Папа.

“Найцяжэйшая форма беднасці – не ведаць Бога”, - папярэдзіў Леў XIV, цытуючы свайго папярэдніка Францішка (Evangelii gaudium). Большасць бедных “асабліва адкрытыя на веру”, - падкрэсліў ён.

Святы Айцец нагадаў, што раннія хрысціяне ўяўлялі надзею як якар. У свеце, параненым войнамі, вымушаный міграцыяй і экалагічнымі катастрофамі, менавіта надзея на Пана захоўвае чалавечую годнасць, - сцвердзіў ён.

Звяртаючы ўвагу на сувязь паміж верай і сацыяльнай справядлівасцю, Пантыфік нагадаў аб тым, што Касцёл вучыць выкараняць беднасць на структурным узроўні. “Беднасць мае структурныя прычыны, якія неабходна распазнаць і выкараніць”, - напісаў ён, заклікаючы распрацаваць такую палітыку, якая была бы здольнай гарантаваць кожнаму чалавеку права на працу, адукацыю, жыллё і ахову здароўя.

Асудзіўшы культуру абыякавасці, Леў XIV звярнуў увагу на такія схаваныя знакі надзеі, як шпіталі, школы, прытулкі, цэнтры слухання, сталовыя для бедных, якія часта застаюцца незаўважанымі. Бедныя – не перашкода для Касцёла, а нашы самыя любімыя браты і сёстры, - падкрэсліў ён, заклікаючы да валанцёрства.

Папа нагадаў, што сёлетні Сусветны дзень бедных цесна звязаны з Юбілейным годам. Калі Святая брама зачыніцца, няхай міласэрнасць застанецца з намі, - заклікаў ён. Святы Айцец заахвоціў вернікаў бачыць у бедных не аб’екты душпастырства, а творчыя суб’екты, якія натхняюць нас на новыя спосабы жыцця паводле Евангелля.

Леў XIV даручуў свет і ўсіх бедных апецы Найсвяцейшай Панны Марыі, Суцяшальніцы засмучаных. “На Цябе, Пане, я спадзяюся, няхай не буду зняважаны навекі” (Пс 31,2), - завяршыў сваё пасланне Святы Айцец.

13 чэрвеня 2025, 15:09