MAP

Папа падчас сустрэчы з удзельнікамі "Джыра д'Італія" ў Ватыкане Папа падчас сустрэчы з удзельнікамі "Джыра д'Італія" ў Ватыкане  (AFP or licensors)

Папа сустрэў веласіпедыстаў "Джыра д'Італія" ў Ватыкане

Леў XIV прывітаў удзельнікаў заключнага этапу веласіпеднай гонкі "Джыра д'Італія", які праходзіў праз тэрыторыю Ватыкана, заахвочваючы іх клапаціцца не толькі пра цела, але і пра дух.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Сёння, 1 чэрвеня 2025 года, Святы Айцец сустрэўся з удзельнікамі прэстыжнай веласіпеднай гонкі "Джыра д'Італія" падчас праходжання заключнага этапу праз тэрыторыю Ватыкана. Падчас сустрэчы, якая адбылася каля 15.30, Папа звярнуўся да спартсменаў з цёплымі словамі падтрымкі і благаслаўлення.

“Вы – узор для моладзі ўсяго свету"

"Сапраўды, многія любяць 'Джыра д'Італія', і не толькі ў Італіі. Веласіпедны спорт вельмі важны, як і спорт увогуле", - адзначыў Леў XIV у сваім прывітанні. Святы Айцец падкрэсліў ролю спартсменаў як узору для пераймання: "Вы з'яўляецеся сапраўдным узорам для моладзі ўсяго свету. Дзякую вам за ўсё, што вы робіце".

Гэта першы раз, калі маршрут "Джыра д'Італія" праходзіў праз тэрыторыю Ватыкана, што зрабіла гэту падзею асабліва значнай.

Папа падчас сустрэчы з веласіпедыстамі "Джыра д'Італія" ў Ватыкане
Папа падчас сустрэчы з веласіпедыстамі "Джыра д'Італія" ў Ватыкане   (@Vatican Media)

"Клапаціцеся пра ўвесь чалавечы арганізм: цела, розум, сэрца і дух”

Папа заклікаў спартсменаў надаваць увагу не толькі фізічнаму развіццю, але і духоўнаму ўзрастанню. "Спадзяюся, што, як вы навучыліся клапаціцца пра цела, так і ваш дух будзе заўсёды благаслаўлёны, і вы будзеце ўважлівымі да ўсяго чалавечага арганізма: цела, розуму, сэрца і духу", - падкрэсліў Святы Айцец.

У сваім выступленні Леў XIV падкрэсліў важнасць цэласнага падыходу да развіцця асобы, дзе фізічнае і духоўнае знаходзяцца ў гарманічным адзінстве.

Завяршаючы сустрэчу, Пантыфік удзяліў спартсменам сваё апостальскае благаслаўленне і падкрэсліў, што "Касцёл, які прадстаўляе Божую любоў да ўсіх людзей", заўсёды з радасцю прымае іх у Ватыкане.

"Няхай благаслаўленне Усемагутнага Бога, Айца, Сына і Духа Святога, сыдзе на ўсіх вас і застанецца з вамі назаўжды", - заключыў Святы Айцец, віншуючы ўдзельнікаў з завяршэннем прэстыжнай веласіпеднай гонкі.
 

01 чэрвеня 2025, 16:06