MAP

Святы Айцец біскупам Італіі: абвяшчаць Хрыста і вучыць ненасіллю

Абвяшчэнне Евангелля, мір, годнасць чалавека і дыялог – галоўныя тэмы, якія Папа Леў XIV закрануў у звароце да італьянскага епіскапата, з якім сустрэўся 17 чэрвеня 2025 года ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Святы Айцец адзначыў, што быў вельмі рады сустрэчы з італьянскімі біскупамі, падзякаваў ім і іх супольнасцям за малітвы і нагадаў пра асаблівую сувязь Касцёла ў Італіі з Папам. Ён падкрэсліў важнасць калегіяльнасці паміж біскупамі і Наступнікам святога Пятра.

Несці Хрыста ў вены чалавецтва

Пантыфік таксама згадаў пра выклікі, звязаныя з секулярызацыяй, ростам абыякавасці да веры і дэмаграфічным крызісам, перад абліччам якіх ад біскупаў патрабуюцца мужнасць і адважныя рашэнні.

“У першую чаргу неабходны новы імпульс у абвяшчэнні і перадачы веры. Гаворка ідзе пра тое, каб паставіць у цэнтры ўсяго Хрыста і, ідучы шляхам, указаным у “Evangelii gaudium”, дапамагчы людзям жыць асабістымі адносінамі з Ім і адкрываць для сябе радасць Евангелля”, - сказаў Папа. Ён заклікаў несці Хрыста “ў вены” чалавецтва і пастаянна шукаць новыя шляхі абвяшчэння Добрай навіны. Пастырскія ініцыятывы павінны дасягаць тых, хто далёкі ад Касцёла, выкарыстоўваючы новыя мовы катэхізацыі і евангелізацыі, - падкрэсліў Святы Айцец.

Спрыяць пашырэнню міру

Пантыфік заклікаў біскупаў надаваць асаблівую ўвагу тэме міру. “Няхай кожная дыяцэзія прасоўвае шляхі выхавання да ненасілля, ініцыятывы пасярэдніцтва ў лакальных канфліктах, праекты гасціннасці, здольныя пераўтвараць страх перад іншым у магчымасць сустрэчы. Няхай кожная супольнасць стане “домам міру”, дзе вучацца пераадольваць варожасць праз дыялог, дзе практыкуецца справядлівасць і пануе прабачэнне. Мір – гэта не духоўная ўтопія: гэта шлях пакоры, які складаецца з штодзённых жэстаў, сплеценых з цярплівасці і адвагі, слухання і дзеяння”, - сцвердзіў Папа.

Годнасць чалавека

Перад абліччам выклікаў, што закранаюць годнасць чалавека і глыбока змяняюць успрыняцце жыцця – такіх, як штучны інтэлект, біятэхналогіі, эканоміка даных і сацыяльныя сеткі – Папа нагадаў, што чалавек - не алгарытм, а “адносіны, стварэнне і таямніца”. Ён падкрэсліў важнасць антрапалагічнай рэфлексіі, без якой этыка становіцца бясдушным кодэксам, а вера рызыкуе застацца неўцелаўлёнай.

Культура дыялогу

Святы Айцец заклікаў біскупаў развіваць культуру дыялогу, у тым ліку праз стварэнне пляцовак для сустрэчы паміж пакаленнямі, бо “толькі там, дзе слухаюць, можа нарадзіцца адзінства, і толькі там, дзе ёсць адзінства, праўда становіцца пераканаўчай”.

Не абараняцца ад правакацый Святога Духа

На заканчэнне прамовы Пантыфік заахвоціў італьянскіх іерархаў захоўваць еднасць і “не абараняцца ад правакацый Святога Духа”. Ён таксама заклікаў дапамагаць свецкім вернікам быць актыўнымі дзеячамі евангелізацыі на месцах працы, вучобы, у шпіталях, грамадскіх і культурных асяродках, у сферы эканомікі і палітыкі.
 

17 чэрвеня 2025, 12:06