Святы Айцец: братэрства ў Духу не перакрэслівае адметнасці
Аляксандр Панчанка - Vatican News
29 чэрвеня 2025 года ў Базіліцы Святога Пятра Папа Леў XIV узначаліў святую Імшу з нагоды ўрачыстасці святых апосталаў Пятра і Паўла – нябесных апекуноў Рыма. Падчас літургічнай цэлебрацыі ён благаславіў і ўручыў 54 арцыбіскупам-мітрапалітам з розных куткоў свету паліі – сімвал пастырскай улады і еднасці з Апостальскай Сталіцай. У гаміліі Пантыфік звярнуў увагу на два аспекты, звязаныя са сведчаннем Пятра і Паўла: касцельную еднасць і жывую веру.
Братэрства не перакрэслівае адметнасці
Леў XIV заўважыў, што абодва апосталы аддалі жыццё за Евангелле, але да мучаніцтва яны прыйшлі праз доўгі шлях, на якім кожны прыняў веру і жыў апостальствам па-свойму.
“Іх братэрства ў Духу не перакрэсліла першапачатковыя адметнасці: Сымон быў рыбаком з Галілеі, Саўл – строгім інтэлектуалам з фарысейскай партыі; першы адразу пакінуў усё, каб ісці за Панам, другі пераследаваў хрысціян, пакуль Уваскрослы Хрыстус не перамяніў яго. Пётр прапаведаваў перадусім у Галілеі, Павел – нёс Добрую Навіну народам”, - сказаў Папа. Ён таксама нагадаў пра канфлікт паміж апосталамі адносна стаўлення да язычнікаў, які быў вырашаны на Ерузалемскім Саборы.
“Дарагія, гісторыя Пятра і Паўла вучыць, што адзінства, да якога кліча Пан – гэта гармонія галасоў і абліччаў, якая не перакрэслівае свабоды нікога. Нашы апекуны ішлі рознымі шляхамі, мелі розныя ідэі, часам спрачаліся і сутыкаліся з евангельскай адвагай. Але гэта не перашкодзіла ім жыць у апостальскай згодзе – у жывым адзінстве Духа, у плённым сугуччы разнастайнасці”, - адзначыў Леў XIV, згадаўшы таксама словы святога Аўгустына, які казаў, што хоць Пётр і Павел прынялі мучаніцтва ў розныя дні, іх урачыстасць адзначаецца разам, бо яны – адно.
Разнастайнасць дароў на службе евангелізацыі
Паводле Святога Айца, гэты прыклад мае асаблівую актуальнасць для касцельнай еднасці, якая нараджаецца з імпульсу Святога Духа, што злучае адметнасці і будуе масты адзінства ў разнастайнасці харызматаў, дароў і служэнняў.
“Важна навучыцца жыць еднасцю менавіта так – як адзінствам у разнастайнасці, бо разнастайнасць дароў, узгодненая ў вызнанні адзінай веры, спрыяе абвяшчэнню Евангелля. Па гэтым шляху мы пакліканыя ісці, гледзячы на Пятра і Паўла, бо ў такім братэрстве маем патрэбу ўсе. Яго патрабуе Касцёл; яго патрабуюць адносіны паміж свецкімі і прэзбітэрамі, паміж прэзбітэрамі і біскупамі, паміж біскупамі і Папам; яго патрабуюць пастырскае жыццё, экуменічны дыялог і сяброўскія адносіны, якія Касцёл імкнецца падтрымліваць са светам. Давайце намагацца ператвараць нашы адметнасці ў майстэрню еднасці, братэрства і прымірэння, каб кожны ў Касцёле, з уласнай гісторыяй, навучыўся ісці разам з іншымі”, - пажадаў Папа.
Захоўваць увагу да рэчаіснасці
Пантыфік адзначыў, што прыклад святых Пятра і Паўла заахвочвае таксама да жывой веры. Ён нагадаў, што вучні Хрыста заўсёды сутыкаюцца з рызыкай звесці веру да ўзроўню звычкі ці рытуала, а душпастырства – да паўтарэння прывычных схем без уліку сучасных выклікаў. Аднак апосталы былі адкрытыя на перамены, рэагавалі на падзеі, сустрэчы і канкрэтныя сітуацыі супольнасці, шукалі новыя шляхі евангелізацыі, адштурхоўваючыся ад рэальных праблем і патрэб людзей.
Аднавіць дынамічную і жывую веру
Паводле Папы, захаванню жывой і дынамічнай веры спрыяе штодзённая ўвага да пытання, якое Езус задаў сваім вучням: “А вы кім лічыце Мяне?”. “Калі мы не хочам, каб наша хрысціянская тоеснасць звялася да спадчыны мінулага, пра што неаднаразова папярэджваў Папа Францішак, важна пазбягаць небяспекі стомленай і статычнай веры і пытацца ў сябе: кім сёння з’яўляецца для нас Езус Хрыстус? Якое месца Ён займае ў нашым жыцці і ў дзейнасці Касцёла? Як мы можам сведчыць пра гэтую надзею ў штодзённасці і абвяшчаць яе тым, каго сустракаем?”, - сказаў Леў XIV.
Пантыфік падкрэсліў, што пошук адказаў на гэтыя пытанні дазваляе нашай веры – і веры Касцёла – пастаянна абнаўляцца і адкрываць новыя шляхі і спосабы абвяшчэння Евангелля. “Гэта, разам з адзінствам, павінна быць нашым першым жаданнем”, - дадаў ён.
Мір украінскаму народу
У завяршэнне гаміліі Папа прывітаў новых арцыбіскупаў-мітрапалітаў, якім пазней уручыў паліі, членаў Сінода Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы, выказаўшы пажаданне міру для іх народа, а таксама дэлегацыю Канстанцінопальскага Патрыярхату.
“Дарагія браты і сёстры, умацаваныя сведчаннем святых апосталаў Пятра і Паўла, будзем крочыць разам у веры і адзінстве, і будзем прасіць аб іх заступніцтве за нас усіх, за горад Рым, за Касцёл і за ўвесь свет”, - заклікаў Святы Айцец.