Пантыфік правядзе кансісторый па кананізацыі 8 благаслаўлёных
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Урачысты сход кардыналаў адбудзецца ў пятніцу, 13 чэрвеня 2025 года, у 9.00 у Зале Кансісторыя Апостальскага палаца Ватыкана. Ён распачнецца цэлебрацыі Літургіі гадзін (Тэрцыі), пасля чаго адбудзецца галасаванне па кананізацыі.
Васьмёра благаслаўлёных з розных краін і станаў
Сярод кандыдатаў на кананізацыю – прадстаўнікі розных краін і станаў: духоўныя асобы, заснавальнікі кангрэгацый і свецкія вернікі. У спісе – благаслаўлёны Ігнацы Шукрала Малаян, армянска-каталіцкі архіепіскап Мардзіна, мучанік; благаслаўлёны Пітэр То Рот, свецкі катэхіст, мучанік; благаслаўлёная Вінчэнца Марыя Палоні, заснавальніца Веронскага Інстытута Сясцёр Міласэрнасці.
Таксама чакаецца кананізацыя благаслаўлёнай Марыі з гары Кармэль (у свеце Кармэн Элена Рэндзілес Марцінэс), заснавальніцы Кангрэгацыі Служак Езуса; благаслаўлёнай Марыі Транкаці, манахіні Кангрэгацыі Дачок Марыі Дапаможніцы; благаслаўлёнага Хасэ Грыгорыа Эрнандэса Сіснэраса, свецкага верніка.
Святасць не мае ўзросту: П'еру Джорджа Фрасаці было ўсяго 24 гады
Асаблівую цікавасць выклікае прысутнасць у спісе благаслаўлёнага П'ера Джорджа Фрасаці, свецкага верніка з Трэцяга ордэна святога Дамініка, які памёр у 1925 годзе ва ўзросце 24 гадоў. Ён вядомы сваёй грамадскай актыўнасцю і дапамогай бедным, а таксама як заўзяты альпініст.
Ад масонства да Ружанца: незвычайны шлях Бартала Лонга
Яшчэ адзін кандыдат на кананізацыю – благаслаўлёны Бартала Лонга, былы масон, які вярнуўся да каталіцкай веры, вядомы як заснавальнік Санктуарыя Маці Божай Ружанцовай у Пампеях, аднаго з найбольш папулярных месцаў паломніцтва ў Італіі. Ён прысвяціў сваё жыццё распаўсюджванню набажэнства да Маці Божай Ружанцовай і дабрачыннасці, стварыўшы прытулкі для дзяцей-сірот і дапамагаючы бедным.
Згодна з паведамленнем, усе кардыналы, якія будуць знаходзіцца ў Рыме ў дзень Кансісторыя, павінны прыбыць у Залу Кансісторыя Апостальскага палаца да 8.30 раніцы ў харальным адзенні. Яно падпісана арцыбіскупам Дыега Равэлі, майстрам Папскіх літургічных цэлебрацый.