Леў XIV на Юбілей спорту: быць адлюстраваннем любові Тройцы
Аляксандр Панчанка - Vatican News
“Словазлучэнне Тройца-спорт не з’яўляецца звычайным у штодзённым ужытку, аднак яно не пазбаўлена сэнсу. Бо кожная добрая чалавечая дзейнасць утрымлівае ў сабе адлюстраванне Божай прыгажосці, і спорт, безумоўна, належыць да такіх відаў дзейнасці”, - сказаў на пачатку гаміліі Пантыфік.
Леў XIV нагадаў, што Бог не з’яўляецца “нечым статычным, замкнёным у сабе”, але “адзінствам, жывой сувяззю паміж Айцом, Сынам і Духам Святым, якая адкрываецца на чалавецтва і свет”. “У тэалогіі гэтая рэальнасць называецца pericoresi, што азначае “танец”: танец узаемнай любові”, - адзначыў Святы Айцец.
“Вось чаму спорт можа дапамагчы нам сустрэць Трыадзінага Бога: таму што патрабуе руху да іншых – канешне знешняга, але таксама і ў першую чаргу ўнутранага. Без гэтага ён застаецца толькі стэрыльным спаборніцтвам эгаізмаў”, - дадаў Папа.
Спорт – каштоўная прылада чалавечага і хрысціянскага выхавання
Святы Айцец нагадаў, што спорт непарыўна звязаны з самааддачай, якая павінна ставіцца нават вышэй за вынік. Ён вылучыў таксама тры фундаментальныя аспекты, якія робяць спорт каштоўным інструментам чалавечага і хрысціянскага выхавання.
Па-першае, у сучасных грамадствах, пазначаных самотнасцю і індывідуалізмам, спорт вучыць супрацоўнічаць, ісці ўсім разам і дзяліцца. “Такім чынам ён можа стаць важным сродкам прымірэння і сустрэчы: паміж народамі, у грамадствах, школьных і працоўных асяродках, сем’ях!” - сцвердзіў Пантыфік.
Па-другое, ва ўсё больш лічбавых грамадствах, “дзе тэхналогіі, хоць і збліжаюць тых, хто далёка, часта аддаляюць тых, хто побач”, спорт падкрэслівае каштоўнасць “сапраўднай прысутнасці разам, сэнсу цела, прасторы, высілку, рэальнага часу”. “Такім чынам, супраць спакусы ўцёкаў у віртуальныя светы, спорт дапамагае захаваць здаровае судакрананне з прыродай і канкрэтным жыццём – адзіным месцам, дзе практыкуецца любоў”, - падкрэсліў Папа.
Па-трэцяе, у спаборніцкім грамадстве, дзе здаецца, што толькі моцныя і пераможцы заслугоўваюць жыць, спорт вучыць таксама прайграваць і прымаць уразлівасць, абмежаванні і недасканаласць. “Гэта вельмі важна, бо менавіта праз досвед уласнай слабасці адкрываецца шлях да надзеі. Не існуе спартоўца, які ніколі не памыляецца і ніколі не прайграе. Чэмпіёны – гэта не бездакорныя машыны, але людзі, якія, нават калі падаюць, знаходзяць у сабе мужнасць зноў падняцца”, - сказаў Леў XIV, нагадаўшы таксама словы святога Яна Паўла ІІ пра тое, што Езус – гэта “сапраўдны Божы атлет”, бо “перамог свет не сілай, а вернасцю любові”.
Чэмпіёнамі і святымі не нараджаюцца
Пантыфік нагадаў, што ў жыцці многіх сучасных святых спорт займае важнае месца – у тым ліку як шлях евангелізацыі. У гэтым кантэксце ён згадаў пра благаслаўлёнага П’ера Джорджыа Фрасаці, апекуна спартсменаў, які будзе кананізаваны 7 верасня 2025 года.
“Яго жыццё – простае і ззяючае – нагадвае нам, што так, як ніхто не нараджаецца чэмпіёнам, гэтак жа ніхто не нараджаецца святым. Менавіта штодзённая трэніроўка ў любові набліжае нас да канчатковай перамогі і робіць здольнымі будаваць новы свет”, - сказаў Папа, нагадаўшы, што спорт можа вяртаць мір і надзею ў грамадствы.
“Дарагія спартсмены, Касцёл даручае вам цудоўную місію: быць у вашай дзейнасці адлюстраваннем любові Трыадзінага Бога – дзеля вашага дабра і дабра вашых братоў і сясцёр. Уключайцеся ў гэтую місію з энтузіязмам – як спартсмены, выхавацелі, супольнасці, групы, сем’і”, - заахвоціў Папа, даручыўшы прадстаўнікоў свету спорту апецы Панны Марыі, якая заўсёды спяшаецца дапамагчы сваім дзецям.