MAP

Наступствы ўдара расійскай арміі па жылым доме ў Кіеве ва Украіне Наступствы ўдара расійскай арміі па жылым доме ў Кіеве ва Украіне 

Пантыфік: сэрца Касцёла разрываецца ад крыкаў ахвяр войнаў

На заканчэнне агульнай аўдыенцыі, якая адбылася 18 чэрвеня 2025 года ў Ватыкане, Папа Леў XIV заклікаў да міру, нагадаўшы, што сучасныя ўзбраенні зводзяць баявыя дзеянні да варварства.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Дарагія браты і сёстры, сэрца Касцёла разрываецца ад крыкаў, што даносяцца з месцаў, ахопленых вайной, асабліва з Украіны, Ірана, Ізраіля, Газы!”, - сказаў на пачатку свайго звароту Святы Айцец.

“Мы не павінны прызвычайвацца да вайны! Наадварот, мы павінны адкідваць як спакусу захапленне магутнай і вытанчанай зброяй. Насамрэч, паколькі ў сучаснай вайне выкарыстоўваецца ўсякага роду высокатэхналагічная зброя, яе жорсткасць пагражае прывесці ўдзельнікаў баявых дзеянняў да варварства значна большага, чым у мінулыя часы. Таму, у імя чалавечай годнасці і міжнароднага права, зноў паўтараю адказным тое, што звычайна казаў Папа Францішак: вайна – гэта заўсёды паражэнне! І разам з Піем XII: “Нічога не згублена з мірам. Усё можна згубіць з вайной””, - дадаў Пантыфік.
 

18 чэрвеня 2025, 11:32