MAP

Пантыфік перад “Regina Coeli”: вера, пакуты і надзея

Папа Леў XIV перад велікоднай малітвай "Уладарка неба" 1 чэрвеня 2025 года прывітаў удзельнікаў Юбілею Cем'яў з 131 краіны, успомніў беатыфікацыю польскіх манахінь-мучаніц і заклікаў да міру для сем'яў, якія пакутуюць ад войнаў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У сваім звароце пасля Эўхарыстыі, якая завяршыла сямейныя юбілейныя ўрачыстасці, Святы Айцец выказаў асаблівую радасць ад прысутнасці на Плошчы Святога Пятра дзяцей, сем'яў, дзядуль і бабуль з усяго свету. "Я рады прыняць столькі дзяцей, якія ажыўляюць нашу надзею!", - сказаў Пантыфік.

Сям'я мае паходжанне ад любові

Папа падкрэсліў касцельную місію сям'і, спасылаючыся на словы святога Яна Паўла II: "Сям'я мае паходжанне ад любові, з якой Стваральнік абдымае створаны свет". Леў XIV пажадаў, каб "вера, надзея і міласэрнасць заўсёды раслі ў нашых сем'ях".

Асаблівыя словы падзякі Пантыфік адрасаваў старэйшаму пакаленню. "Вы з'яўляецеся сапраўдным узорам веры і натхненнем для маладых пакаленняў. Дзякуй, што прыехалі!", - звярнуўся ён да дзядуль і бабуль.

Служылі нягледзячы на клімат нянавісці і тэрору

Папа згадаў пра беатыфікацыю, якая адбылася 31 мая 2025 года ў польскім горадзе Бранева. Крыстафора Кломфас і чатырнаццаць яе сясцёр-паплечніц з Кангрэгацыі Святой Кацярыны Дзевы і Пакутніцы былі аб'яўлены благаслаўлёнымі.

"Нягледзячы на клімат нянавісці і тэрору супраць каталіцкай веры, яны працягвалі служыць хворым і сіротам", - адзначыў Святы Айцец, успомніўшы, што манахіні былі забітыя ў 1945 годзе салдатамі Чырвонай арміі на тэрыторыі сучаснай Польшчы.

Сем'і, якія пакутуюць з прычыны войнаў

У сувязі з адзначэннем Сусветнага дня сацыяльнай камунікацыі Папа падзякаваў супрацоўнікам СМІ, якія, "клапоцячыся пра этычную якасць паведамленняў, дапамагаюць сем'ям у іх выхаваўчай місіі".

Завяршаючы сваё разважанне, Леў XIV звярнуўся да Дзевы Марыі з просьбай "благаславіць сем'і і падтрымаць іх у цяжкасцях". Ён асабліва ўспомніў сем'і, якія пакутуюць з прычыны войнаў на Блізкім Усходзе, ва Украіне і ў іншых частках свету, і папрасіў Багародзіцу "дапамагчы ўсім ісці разам па шляху міру".
 

01 чэрвеня 2025, 12:37

“Уладарка неба” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць у Велікодны перыяд Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >