MAP

Папа прымае даверачныя граматы ад Віктара Вальдэмара Суарэса Дыяса, пасла Дамініканскай Рэспублікі Папа прымае даверачныя граматы ад Віктара Вальдэмара Суарэса Дыяса, пасла Дамініканскай Рэспублікі   (@VATICAN MEDIA)

Леў XIV прыняў даверчыя граматы паслоў Аўстраліі і Дамініканы

Сёння, 3 чэрвеня 2025 года, у Ватыкане адбылася цырымонія ўручэння даверчых грамат новых паслоў Аўстраліі і Дамініканскай Рэспублікі пры Святым Пасадзе.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Леў XIV прыняў у Апостальскім палацы Кіта Джона Піта, новага пасла Аўстраліі, і Віктара Вальдэмара Суарэса Дыяса, новага пасла Дамініканскай Рэспублікі пры Святым Пасадзе, якія прыбылі на цырымонію ўручэння даверчых грамат.

Ад міністэрскага крэсла да дыпламатычнай місіі

Новы пасол Аўстраліі, Кіт Джон Піт, мае багаты вопыт працы ў аўстралійскім урадзе. 55-гадовы дыпламат да прызначэння на пасаду пасла пры Святым Пасадзе паспеў папрацаваць і ў тэхнічнай сферы як інжынер-электрык, і ў бізнесе як прадпрымальнік, і нават у сельскай гаспадарцы.

Палітычная кар'ера Піта была звязана з рознымі ўрадавымі пасадамі: ён двойчы быў намеснікам віцэ-прэм'ера Аўстраліі, займаў пасаду намесніка міністра гандлю, турызму і інвестыцый, а таксама ўваходзіў у склад урада як міністр прыродных рэсурсаў, вады і Паўночнай Аўстраліі, а пазней – як міністр рэсурсаў і вады.

Важнай часткай кар'еры Піта была яго дзейнасць як парламентарыя: на працягу адзінаццаці гадоў, з 2013 па 2024 год, ён прадстаўляў выбарчую акругу Хінклер у федэральным парламенце Аўстраліі. Новы пасол мае вышэйшую тэхнічную адукацыю, якую атрымаў у Тэхналагічным універсітэце Квінсленда.

Папа падчас размовы з новым паслом Аўстраліі з Кітам Джонам Пітам
Папа падчас размовы з новым паслом Аўстраліі з Кітам Джонам Пітам   (@VATICAN MEDIA)

Юрыст з парламенцкім вопытам

Новы пасол Дамініканскай Рэспублікі, Віктар Вальдэмар Суарэс Дыяс, з'яўляецца вопытным юрыстам і палітыкам. 53-гадовы дыпламат атрымаў грунтоўную юрыдычную адукацыю ў сваёй роднай краіне, у Тэхналагічным універсітэце Санцьяга, дзе паслядоўна атрымаў ліцэнцыят у галіне права і магістра міжнародных адносін. Ён таксама ўдасканальваў свае юрыдычныя веды ў Нацыянальнай школе пракуратуры.

Прафесійная кар'ера Суарэса Дыяса цесна звязана з юрыдычнай і палітычнай сферамі. У сярэдзіне 2000-х гадоў ён кіраваў апаратам міністэрства юстыцыі Дамініканскай Рэспублікі, а затым на працягу амаль дваццаці гадоў быў дэпутатам нацыянальнага парламента.

У парламенце Суарэс Дыяс праявіў сябе як актыўны заканадаўца і ўзначальваў шэраг важных камісій, у тым ліку па юстыцыі, замежных справах і міжнародным супрацоўніцтве. Ён таксама адыграў значную ролю ў канстытуцыйнай рэформе сваёй краіны, кіруючы адукацыйнай і судовай сферамі гэтай рэформы.
 

03 чэрвеня 2025, 12:23