MAP

Наступствы ізраільскіх бамбардзіровак Сектара Газа Наступствы ізраільскіх бамбардзіровак Сектара Газа  (AFP or licensors)

Папа: працягнем маліцца, каб паўсюль змоўкла зброя

На заканчэнне сустрэчы з вернікамі падчас малітвы “Анёл Панскі”, якая прайшла 29 чэрвеня 2025 года ў Ватыкане, Папа Леў XIV скіраваў некалькі зваротаў у сувязі з міжнароднымі і касцельнымі падзеямі.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Папа запэўніў у малітве за супольнасць ліцэя імя Бартэлемі Баганды ў Бангі (Цэнтральна-Афрыканская Рэспубліка) у сувязі з трагічным дарожным здарэннем, у якім загінулі і атрымалі сур’ёзныя траўмы шматлікія студэнты. “Няхай Пан суцешыць сем’і і ўсю супольнасць”, - пажадаў Святы Айцец.

З нагоды ўрачыстасці святых Пятра і Паўла – апекуноў Рыма – Пантыфік прывітаў святароў, якія нясуць служэнне ў парафіях італьянскай сталіцы. Папа выказаў ім падзяку і падтрымку.

Леў XIV нагадаў, што ў гэту ўрачыстасць у Касцёле праводзіцца збор ахвяраванняў пад назвай “Грош святога Пятра”, які назваў “знакам адзінства з Папам і ўдзелу ў яго апостальскім служэнні”. “Ад усяго сэрца дзякую ўсім, хто сваімі ахвяраваннямі падтрымлівае мае першыя крокі як Наступніка Пятра”, - сказаў Святы Айцец.

Папа запэўніў у сваім благаслаўленні таксама ўсіх, хто бярэ ўдзел у ініцыятыве “Quo vadis?”, наведваючы месцы ў Рыме, што захоўваюць памяць пра святых апосталаў Пятра і Паўла.

Пантыфік прывітаў розныя групы пілігрымаў, сярод якіх асаблівым чынам звярнуўся да вернікаў з Украіны. “Я заўсёды малюся за ваш народ”, - падкрэсліў Святы Айцец.

“Браты і сёстры, працягнем маліцца, каб паўсюль змоўкла зброя і праз дыялог здзяйснялася праца на карысць міру”, - сказаў на завяршэнне свайго нядзельнага звароту Папа.
 

29 чэрвеня 2025, 12:38