MAP

Леў XIV: поліфанія – метафара шляху веры пад кіраўніцтвам Духа

Леў XIV прыняў удзел у сустрэчы з нагоды 500-годдзя з дня нараджэння італьянскага кампазітара XVI стагоддзя Джавані П’ерлуіджы да Палестрыны, арганізаванай у Ватыкане Фондам імя кардынала Даменіка Барталучы.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Падзея адбылася ўвечары 18 чэрвеня 2025 года ў Sala Regia Апостальскага палаца. Падчас яе прагучалі творы Палестрыны ў выкананні хору і была афіцыйна прадстаўлена паштовая марка, выпушчаная Ватыканскай поштай з нагоды юбілею кампазітара.

“Яго ўрачыстыя і строгія творы, натхнёныя грыгарыянскім спевам, цесна спалучаюць музыку і літургію, надаючы малітве больш мяккі выраз і спрыяючы адзінадушшу, а таксама ўзбагачаючы святыя абрады яшчэ большай урачыстасцю”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Пантыфік заўважыў, што Палестрына з’яўляецца “адным з самых значных кампазітараў у гісторыі Касцёла», які сваёй дзейнасцю ў эпоху Контррэфармацыі ўнёс важкі ўклад у намаганні, скіраваныя на аднаўленне і паглыбленне духоўнага жыцця вернікаў.

“Поліфанія — гэта музычная форма, якая мае глыбокі сэнс для малітвы і хрысціянскага жыцця”, - сказаў Папа, нагадаўшы, што яна прапануе “апрануць у прыдатную мелодыю” святы тэкст, каб ён лепш дасягнуў розуму вернікаў. Гэтая мэта дасягаецца праз гарманічнае ўзаемадзеянне розных галасоў і дзякуючы майстэрству, “з якім кампазітар развівае і пераплятае мелодыі, захоўваючы правілы кантрапункту, робячы іх адгалоскамі адна адной, часам ствараючы дысанансы, якія затым знаходзяць выйсце ў новых акордах”, - падкрэсліў Леў XIV.

Па словах Пантыфіка, вынік такой дынамічнай еднасці ў разнастайнасці дапамагае слухачам яшчэ глыбей увайсці ў таямніцу, выражаную словамі, і з’яўляецца “метафарай нашага агульнага шляху веры пад кіраўніцтвам Святога Духа”.

“Дзякуючы гэтаму багаццю формы і зместу, рымская поліфанічная традыцыя, апроч таго, што пакінула нам велізарную спадчыну мастацтва і духоўнасці, павінна заставацца і сёння ў музычнай сферы арыенцірам, на які варта раўняцца – хоць і з неабходнымі адаптацыямі – у галіне сакральнай і літургічнай кампазіцыі”, - сказаў Папа. Ён падкрэсліў, што гэта дазваляе вернікам праз спевы “поўна, свядома і актыўна ўдзельнічаць у літургічных абрадах”, выкарыстоўваючы голас, розум і сэрца.

Святы Айцец назваў найвышэйшым узорам сакральнай поліфаніі Missa Papae Marcelli Палестрыны, а таксама адзначыў уклад у захаванне і развіццё музычнай спадчыны Касцёла кардынала Даменіка Барталучы – выбітнага кампазітара і шматгадовага кіраўніка Папскай музычнай Сікстынскай капэлы, які адышоў у вечнасць у 2013 годзе.
 

19 чэрвеня 2025, 09:15