Папа: няхай Святы Дух адкрые межы сэрцаў і падорыць мір
Аляксандр Панчанка - Vatican News
8 чэрвеня 2025 года, ва ўрачыстасць Спаслання Святога Духа, Папа Леў XIV узначаліў цэлебрацыю святой Імшы ў Ватыкане, у якой узялі ўдзел дзясяткі тысяч прадстаўнікоў каталіцкіх рухаў, асацыяцый і новых супольнасцей, што сабраліся ў Рыме з нагоды Юбілейнага года.
“Дух здзейсніў нешта надзвычайнае ў жыцці апосталаў. Закрытыя ў страху і смутку пасля смерці Езуса, яны атрымалі новы погляд і “розум сэрца”, які дапамог па-новаму зразумець тое, што адбылося, і глыбока перажыць прысутнасць Уваскрослага. Святы Дух перамагае іх страх, зрывае ўнутраныя кайданы, гаіць раны, намашчае іх сілай і дае ім мужнасць выйсці да ўсіх і абвяшчаць Божыя справы”, сказаў на пачатку гаміліі Пантыфік.
Святы Айцец нагадаў, што ў той час у Ерузалеме было шмат людзей з розных краін, аднак “кожны чуў, што яны гавораць на ягонай мове”. У сувязі з гэтым ён прыгадаў словы Бэнэдыкта XVI пра тое, што Дух “пераадольвае падзел, які пачаўся ў Бабэлі – блытаніну сэрцаў, што ставіць нас адно супраць аднаго – і адкрывае межы”.
“Касцёл павінен зноў і зноў станавіцца тым, чым ён ужо з’яўляецца: адкрываць межы паміж народамі і ламаць бар’еры паміж класамі і расамі. У ім не можа быць ні забытых, ні пагарджаных. У Касцёле ёсць толькі свабодныя браты і сёстры Езуса Хрыста”, - працытаваў Леў XIV словы свайго папярэдніка на пасадзе Біскупа Рыма.
Дух Божы адкрывае межы ўнутры нас
“Гэта выразны вобраз Пяцідзясятніцы, над якім я хачу разам з вамі паразважаць. Дух адкрывае межы найперш унутры нас. Гэта Дар, які адкрывае наша жыццё на любоў. Прысутнасць Пана вызваляе нас ад закамянеласці, замкнёнасці, эгаізму, страхаў, якія нас паралізуюць, самалюбавання, што прымушае нас думаць толькі пра саміх сябе”, - сказаў Папа.
“Сумна назіраць, як у свеце, дзе памнажаюцца магчымасці для сацыялізацыі, мы парадаксальным чынам рызыкуем быць яшчэ больш адзінокімі: пастаянна на сувязі, але не здольнымі да сапраўдных адносін; заўсёды сярод натоўпу, але застаючыся дэзарыентаванымі і адзінокімі вандроўнікамі”, - дадаў ён.
Папа заўважыў, што Божы Дух дазваляе нам бачыць і жыць па-новаму: адкрывае нас на сустрэчу з самімі сабой без масак, якія носім; вядзе да сустрэчы з Панам, вучачы перажываць Яго радасць; пераконвае нас у тым, што толькі толькі калі будзе заставацца ў любові, мы атрымаем сілу захоўваць Яго слова і праз гэта змяняцца. “Ён адкрывае межы ўнутры нас, каб наша жыццё стала гасціннай прасторай”, - дадаў Пантыфік.
Святы Дух адкрывае на радасць братэрства
Святы Айцец падкрэсліў, што Божы Дух адкрывае таксама межы нашых адносін з іншымі. “Калі Божая любоў жыве ў нас, мы становімся здольнымі адкрывацца на братоў, пераадольваць уласную жорсткасць, перамагаць страх перад тымі, хто іншы, кантраляваць жарсці, што кіпяць унутры нас”, - сказаў ён. Святы Дух, дадаў Папа, дазваляе таксама перамяняць адносіны, заражаныя жаданнем панаваць над іншымі – паводзіны, што часта прыводзіць да гвалту, як гэта паказваюць шматлікія нядаўнія выпадкі фемініцыдаў у Італіі.
Леў XIV падкрэсліў, што насуперак усяму гэтаму Святы Дух узрошчвае ў нас дары, якія дапамагаюць будаваць сапраўдныя і добрыя адносіны: “любоў, радасць, спакой, доўгацярплівасць, лагоднасць, дабрыню, вернасць, далікатнасць, стрыманасць”.
“Дух адкрывае нас на радасць братэрства, і гэта – вызначальны крытэрый таксама і для Касцёла”, - сказаў ён. “Мы сапраўды з’яўляемся Касцёлам Уваскрослага і вучнямі Пяцідзясятніцы толькі тады, калі паміж намі няма ні межаў, ні падзелаў; калі мы ў Касцёле ўмеем размаўляць і прымаць адно аднаго, інтэгруючы нашу разнастайнасць; калі становімся гасціннай прасторай для ўсіх”, - сцвердзіў Пантыфік.
Божы Дух адкрывае межы паміж народамі
Папа адзначыў, што Святы Дух адкрывае межы і паміж народамі. “Калі Божы Подых яднае нашы сэрцы і дазваляе бачыць у іншым аблічча брата, адрозненні ўжо не становяцца прычынай падзелу і канфлікту, але агульнай спадчынай, з якой усе можам чэрпаць, і якая ставіць нас на шлях – разам, у братэрстве”, - сказаў ён.
“Дух разбурае межы і знішчае муры абыякавасці і нянавісці, бо “навучае нас усяму” і “нагадвае словы Езуса” – найперш запаведзь любові, якую Пан паставіў у цэнтры і на вяршыні ўсяго”, - падкрэсліў Святы Айцец. “А там, дзе ёсць любоў, там няма месца перадузятасцям, “дыстанцыям бяспекі”, што аддаляюць нас ад бліжняга, і логіцы выключэння, якая, на жаль, праяўляецца нават у палітычным нацыяналізме”, - дадаў Леў XIV.
Пантыфік нагадаў словы Папы Францішка пра тое, што сёння ў свеце шмат нязгоды і падзелаў; што “мы ўсе злучаныя, але пры гэтым раз’яднаныя паміж сабой, анестэзаваныя абыякавасцю і прыгнечаныя адзінотай”. “І трагедыяй усяго гэтага з’яўляюцца войны, што трывожаць нашу планету. Будзем жа прасіць Духа любові і міру, каб Ён адкрыў межы, разбіў муры, рассееў нянавісць і дапамог нам жыць як дзеці аднаго Айца, які ёсць у небе”, - заклікаў Святы Айцец.
“Браты і сёстры, гэта Пяцідзясятніца абнаўляе Касцёл і свет! Няхай магутны вецер Духа сыдзе на нас і ў нас, адкрые межы сэрцаў, дасць нам ласку сустрэчы з Богам, пашырыць гарызонты любові і падтрымае нашы намаганні ў будаванні свету, у якім пануе мір”, - сказаў напрыканцы гаміліі Леў XIV.