Леў XIV на святкаванні 70-годдзя генеральнага прыёра аўгустынцаў
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Цяперашні Папа і айцец Мараль, які нарадзіўся 1 чэрвеня 1955 года ў Ла Від у Іспаніі, пазнаёміліся ў Рыме ў 80-я гады, калі абодва жылі ў Калегіуме святой Монікі. У той час яны вывучалі кананічнае права ў Папскім універсітэце святога Тамаша Аквінскага, Святое Пісанне ў Папскім біблейскім інстытуце і дагматычную тэалогію ў Папскім Грыгарыянскім універсітэце.
Іх шляхі разышліся ў 1985 годзе, калі малады айцец Роберт, пасвечаны ў святары ў 1982 годзе, быў накіраваны на аўгустынскую місію ў Чулуканас, у рэгіёне Піура ў Перу. Тым часам айцец Алехандр, пасля заканчэння навучання, вярнуўся ў Іспанію. Манахі сустрэліся зноў у Рыме ў 2001 годзе, на капітуле Ордэна аўгустынцаў.
Абраны генеральным прыёрам, айцец Прэвост (цяперашні Папа Леў XIV) выбраў айца Мараля сваім вікарыем, і той займаў гэтую пасаду на працягу двух тэрмінаў. На працягу 12 гадоў яны працавалі плячо ў плячо, а іх сяброўства расло і ўмацоўвалася. Братэрская повязь захавалася нават тады, калі іх шляхі зноў разышліся.
У 2013 годзе, пасля заканчэння другога шасцігадовага тэрміну на чале Ордэна Святога Аўгустына, айцец Прэвост вярнуўся ў сваю правінцыю аўгустынцаў у Чыкага, у той час як айцец Мараль быў прызначаны 97-м генеральным прыёрам. І хоць год пазней айцец Роберт быў прызначаны Папам Францішкам апостальскім адміністратарам дыяцэзіі Чыклая ў Перу, а пазней біскупам гэтай дыяцэзіі, аўгустынскія сувязі з айцом Алехандрам засталіся нязменнымі.
Прысутнасць Пантыфіка на святкаванні юбілею айца Мараля стала яшчэ адным сведчаннем глыбокіх духоўных сувязяў, якія яднаюць чальцоў аўгустынскай супольнасці, і працяглага сяброўства, якое перажыло розныя жыццёвыя абставіны і геаграфічныя адлегласці.